Чыноўнік прызнаў, што ў Брылевічах «кульгае» інфраструктура крокавай даступнасці і паскардзіўся на неадназначную рэакцыю мясцовых жыхароў на ўшчыльненне забудовы.

У прыватнасці, кажучы пра новае будаўніцтва ў Малінаўцы, Яўген Воўна заўважыў:

— Мы спрабуем разглядаць варыянты «пасадкі» дамоў у наяўнай забудове, хоць гэта не заўсёды ўспрымаецца насельніцтвам адназначна. Таму хутчэй за ўсё ўшчыльняць кварталы не будзем. У Маскоўскім нямала тэрыторыі занята прыватным сектарам, часта старым. Але каб асвоіць гэтыя пляцоўкі, трэба адсяліць людзей і забяспечыць інфраструктуру. Дывановы знос, як гэта было з вёскай Дружба, сёння немагчымы.

Паводле словаў кіраўніка раённай адміністрацыі, сёння ёсць рэзервы для ўшчыльнення ў Міхалове. На месцы былой аднайменнай вёскі можна ўзвесці да васьмі шматпавярховых дамоў.

Паводле словаў Яўгена Воўны, два новыя корпусы Студэнцкай вёскі здадуць гэтай восенню. Між інтэрнатамі і чыгункай, на месцы былой вёскі Дружба, разгорнецца актыўнае будаўніцтва новага раёна. Жылой забудовай будзе занятая ўся вуліца Сямашкі ад 9-й бальніцы да праспекта Дзяржынскага.

Асобна Яўген Воўна выказаўся з нагоды развіцця Брылевічаў — мікрараёна масавай забудовы апошніх гадоў.

— Задача нумар адзін для Брылевічаў — стварэнне аб’ектаў сацкультбыту, — растлумачыў ён. — Жыллё пабудавалі хутка, але жыхары адчуваюць цяжкасці, не маючы ў крокавай даступнасці дастатковай колькасці крамаў, аддзяленняў банкаў, аптэк. З іншага боку, падчас будаўніцтва прадугледжвалася мноства ўбудаваных памяшканняў на першых паверхах, дзе такія аб’екты павінныя быць. Амаль у кожнага такога памяшкання ёсць інвестары. Яны ўклалі сродкі на стадыі будаўніцтва, але каб пачаць працу, неабходнае абсталяванне, аздабленне. Нашая задача — паскорыць гэтыя працэсы.

Найбліжэйшым часам у Брылевічах плануецца адкрыццё паштовага аддзялення і некалькіх крамаў. У ліпені плануюць увесці ў эксплуатацыю дзіцячы садок, трэці па ліку ў раёне. У 2013-м абяцаюць дабудаваць дарослую паліклініку і ўзяцца за ўзвядзенне дзіцячай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?