Кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова чакае, што да сярэдзіны года крэдыты стануць больш таннымі. Пра гэта яна заявіла 3 мая ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Думаю, да сярэдзіны года крэдыты патаннеюць. Людзей, думаю, больш за ўсё хвалююць крэдыты па жыллю.

Яны, думаю, да сярэдзіны года істотна патаннеюць, стануць больш пад’ёмнымі для насельніцтва», — сказала яна.

Ермакова таксама адзначыла, што сёлета дэнамінацыя ў Беларусі не плануецца. «У 2012 годзе аб гэтым гаварыць рана, у 2013-м, магчыма, мы пачнем аб гэтым задумвацца, калі вырастуць даходы і грошы перастануць змяшчацца ў кашальках», — сказала кіраўнік Нацбанка.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што радавому грамадзяніну дэнамінацыя «нічога не прынясе». «У кашальку замест паперкі, дзе напісана „тысяча рублёў“, будзе ляжаць рубель. Гэта ўсё тэхнічная работа. Яна пакуль не плануецца», — сказала Ермакова.

Адказваючы на пытанне, ці плануецца пры будучай дэнамінацыі ўвесці ў абарачэнне манеты, каб беларускія турысты, напрыклад, на адпачынку маглі кідаць у мора свае манеткі, Ермакова сказала:

«Я не прымаю кіданне манетак у мора. Гэта з язычніцтва.
Што да ўводу манет, то на іх выраб таксама патрэбны сродкі на метал, з якога яны вырабляюцца. Таксама патрэбны будуць новыя падліковыя машыны, якія прыйдзецца вырабіць, трэба будзе перавучваць касіраў. Я лічу, што гэта ўсё не трэба. А каму патрэбны манеткі — Нацбанк выпускае манеты».
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?