Навумчык: Мы хацелі б папрасіць Вас пракамэнтаваць дзьве ініцыятывы, якія цяпер актыўна абмяркоўваюцца ў палітычным асяродку. Першая — гэта заява палкоўніка спэцназу ў адстаўцы Барадача аб ініцыятыве стварэньня афіцэрамі і былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў «пераходнага ўраду ў выгнаньні», і другое — словы міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса, цытую: «Я ўжо сапраўды стаміўся ад усіх плянаў падтрымкі апазыцыі ў Беларусі. Апазыцыя падзеленая. У яе няма яснай пазыцыі ў справе падрыхтоўкі да наступных выбараў... Разам з нашымі амэрыканскімі сябрамі нам трэба пачаць думаць пра нейкую пераходную раду. Трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтар улады. Гэткая паралельная структура магла б мець розгалас у самой Беларусі».

Пазьняк: Тут два пытаньні. Першае — пра Уладзімера Барадача.

Я ведаю Уладзімера Барадача як чалавека вельмі прыстойнага і чэснага афіцэра.
І вось таму, што ён чэсны афіцэр, ён можа быць падвержаны ўплыву пэўных «прагрэсіўных думак». Прагрэсіўных, таму што яны ўспрымаюцца, і думаю, тут бяз гэтага не абышлося.
Але былі артыкулы Янкі Запрудніка на гэтую тэму і іншых
[у якіх ідэя такога ўрада была пастаўлена пад сумнеў: існуе Рада БНР і няма сэнсу яе дубляваць, пісаў доктар Запруднік].

Цяпер што датычыць спадара Ажубаліса.

Я размаўляў з Ажубалісам, спатыкаўся зь ім, гэта талковы, разумны чалавек. І канешне, вельмі дзіўна чуць такую заяву з вуснаў міністра замежных спраў іншай дзяржавы. Такое мог сказаць нейкі беларускі палітычны эмігрант, гэта нармальна было б
— «мы павінны падумаць, што рабіць, як арганізаваць і гэтак далей». Гэта мог сказаць Уладзімер Барадач, ён сказаў.
А калі гэта гаворыць міністар замежных спраў Літвы, то гэта выглядае трошкі дзіўна.
Ну тым ня менш ён гэта сказаў.

Прыгадаем скандальнае спатканьне Лукашэнкі з Даляй Грыбаўскайце. І тыя заявы, якія яна рабіла. Зразумела, якую функцыю выконвала прэзыдэнт Літвы. Гэта вынік такой палітыкі Эўразьвязу, калі выбіраюць маленькую краіну, і міністар гэтай краіны кажа, што мы разам з Амэрыкай зробім тое і тое.

Ужо ў 2001 годзе Амэрыка зрабіла нешта «такое». Выбралі пры дапамозе амбасадара Майкла Козака кандыдатуру былога члена бюро ЦК Уладзімера Ганчарыка, абсалютна непрахадную.
І ў выніку далі магчымасьць Лукашэнку зрабіць «элегантную перамогу». Няправільна сказаць, што гэтыя людзі на Захадзе не разумеюць, што яны робяць.
Яны хочуць рабіць сваю палітыку — таму што нашай няма.
Калі ў 90-ыя была палітыка БНФ, мы ніякіх дачыненьняў з Захадам ня мелі. Яны былі супраць незалежнасьці, і выказаліся першыя асобы, пачынаючы ад прэзыдэнта Буша, супраць незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны. А мы гэтую незалежнасьці дасягнулі, і сьцьвердзілі, і вымушаныя былі нас прызнаць. таму што мы былі нацыянальная дэмакратычная сіла, якая змагалася за Беларусь. І тады іх палітыка ня мела ніякага значэньня, хаця яны былі супраць.
Цяпер у гэтай пустаце робяцца такія дзіўныя заявы, такая дзіўная палітыка, і ствараецца ў масах у Беларусі меркаваньне, што іх нехта выцягне за валасы з гэтага балота. З гэтага балота можам выйсьці толькі мы самі. Толькі беларусы самі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?