Як паведамляе auto.onliner.by, затрыманы вадзіцель «Мэрсэдэса», які ўцёк ад пагоні ДАІ ў цэнтры Мінска 27 сакавіка. Партал спасылаецца на прэс-службу ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама, аднак інфармацыі пра гэты факт ад гэтай структуры афіцыйна пакуль не было.

Нагадаем, прыкладна ў 14 гадзін 27 хвілін на праспекце Пераможцаў у Мінску вадзіцель аўтамабіля «Мэрсэдэс Бенц 400» цёмнага колеру не выканаў патрабаванне інспектара ДАІ спыніцца і прадоўжыў рух. Міліцыя пачала пераслед.

    Вадзіцель «Мэрсэдэса» з праспекта Пераможцаў павярнуў на вуліцу Арлоўскую і рухаўся па ёй на высокай хуткасці, груба парушаючы Правілы дарожнага руху. На плошчы Бангалор ён выехаў за межы праезнай часткі праз бардзюрны камень на тратуар і рухаўся па ім. Далей ён працягнуў рух па вуліцы Сурганава да скрыжавання з вуліцай Куйбышава, а пасля па Куйбышава да вуліцы Кульман. Наступны маршрут «ліхача» праходзіў праз вуліцы Кульман, Якуба Коласа, Хмяльніцкага. Там ён зноў выехаў за межы праезнай часткі і каля кінатэатра «Кастрычнік» з’ехаў на праспект Незалежнасці і накіраваўся ў бок кальцавой аўтадарогі. У ДАІ асобна падкрэслілі, што табельная зброя супрацоўнікамі міліцыі не выкарыстоўвалася, бо на заднім сядзенні аўтамабіля знаходзілася жанчына з дзіцем. Раней паведамлялася, што на заднім сядзенні машыны былі дзве жанчыны.

30 сакавіка ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што машына была знойдзеная ў двары дома 52 па вуліцы Герасіменкі ў Мінску. Супрацоўнікамі ДАІ аўто эвакуявана на штрафстаянку. Уладальнік аўтамашыны цяпер знаходзіцца ў Расіі. Ён расказаў, што «Мэрсэдэс», які яму належаў, быў прададзены наглядна знаёмаму без адпаведнага афармлення здзелкі.

Паводле наяўнай у міліцыі інфармацыі, у апошні час «Мэрсэдэс» эксплуатавалі некалькі чалавек. «Цяпер праваахоўнікі праводзяць праверачныя мерапрыемствы, скіраваныя на ўстанаўленне адносін пэўнай асобы да ўчынення серыі грубых парушэнняў ПДР у сераду ў цэнтральнай частцы Мінска», — гаварылася ў паведамленні сталічнай міліцыі 30 сакавіка.

auto.onliner.by паведамляе, што 28-гадовы мінчук, які кіраваў «Мэрсэдэсам», 26 сакавіка ўцёк з папраўчай установы адкрытага тыпу. Хто быў у салоне машыны, не паведамляецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?