М’янма прапануе Беларусі ўдзельнічаць у распрацоўцы радовішчаў золата, медзі і волава, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

У прэс-службе нагадалі аб тым, што ў снежні 2011 года адбыўся візіт у М’янму ўрадавай дэлегацыі Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. У развіццё дамоўленасцей, дасягнутых у час гэтага візіту, з 28 лютага па 6 сакавіка бягучага года М’янму наведала група беларускіх спецыялістаў, у тым ліку ААТ «Белгорхімпрам» для ацэнкі перспектыўнасці распрацоўкі і здабычы карысных выкапняў у гэтай краіне.

«З улікам велічыні запасаў, магчымасцей абагачэння і перапрацоўкі асобных відаў сыравіны на аснове прадастаўленых беларускаму боку матэрыялаў для далейшай магчымай даразведкі і распрацоўкі вызначаны радовішчы золата і медзі (раён Шангалон) і волава (раён Давей)», — удакладнілі ў прэс-службе. Атрыманыя з М’янмы матэрыялы цяпер вывучаюцца.

Дэпартамент па геалогіі Мінпрыроды павінен да 15 чэрвеня падрыхтаваць і прадставіць ва ўрад аналітычную запіску аб перспектывах геалагічнага давывучэння выдзеленых перспектыўных участкаў і мэтазгоднасці прамысловай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, якія могуць быць выяўлены па выніках выканання геолагаразведачных работ на тэрыторыі М’янмы.

«Папярэдні аналіз сведчыць, што тэрыторыя М’янмы патэнцыяльна багата руднымі карыснымі выкапнямі, — дадалі ў прэс-службе. — Улічваючы адсутнасць кандыцыйных і дакладных матэрыялаў па разведаных радовішчах, задачай развіцця супрацоўніцтва Беларусі з М’янмай у галіне разведкі і здабычы карысных выкапняў з’яўляецца пастаноўка пошукавых і геолагаразведачных работ». Толькі па выніках геолагаразведачных работ стане магчымым даць ацэнку мэтазгоднасці прамысловай распрацоўкі вывучаных радовішчаў карысных выкапняў на тэрыторыі М’янмы з удзелам беларускага боку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?