Лідар вядомага гурту «ДДТ», адзін са знаных прадстаўнікоў плыні расійскага року Юрый Шаўчук 16 мая адзначае 55 год.

«Рождённый в СССР»

Для расійскай культуры Юры Шаўчук — асоба настолькі знакавая, што нават складана параўнаць яго з кім-небудзь з заходніх калег. Апроч пары дзясяткаў альбомаў, якія дагэтуль працягваюць гучаць з вакон мікрараёнаў, і кагорты выдатных музыкаў, якія прайшлі «школу ДДТ», яму дакладна будзе, што ўзгадаць у мемуарах. Тут і ўцёкі аўтаспынам з роднай Уфы, і электрычныя альбомы, якія запісвалі ў жылых кватэрах, і выступы на мітынгах, і адмены канцэртаў у наш час, калі, здавалася б, музыку ў Расіі ніяк не спыніць, і кантраверсія з Пуціным, і бойка з Кіркоравым.

«Чёрно-белые танцы»

У кліпах і песнях Шаўчука за апошнія 30 год шмат што змянілася — цяпер ён чытае рэп, разам з ім гастралюе джазавая духавая секцыя, але ў аснова творчасці застаецца нязменнай — пошук абсалютнай свабоды ва ўсім свеце, што б Шаўчук не спяваў — хоць класіку «ДДТ», хоць шансон пад гітару. У апошнім кліпе «ДДТ» з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі, а сам музыкант трапіў у беларускі «чорны спіс» — ягонае імя не пажадана ў афіцыйных беларускіх СМІ. У час аднаго з прыездаў у Мінск Шаўчук наведваў кватэру Васіля Быкава, якога лічыць адным з найвялікшых аўтарытэтаў.

«Чалавек магутны і вялікі ва ўсіх адносінах. Ён проста сам пайшоў супраць таталітарызму ў Беларусі. Яму прыйшлося іміграваць у Фінляндыю, і затым ён вярнуўся паміраць у Беларусь… Гэта дзівосна годны і свабодны чалавек, наймагутнейшы чалавек», — казаў пра Быкава Шаўчук.

«Песня о свободе»

Ну, скажам шчыра, гэта не першы і не апошні «чорны спіс» у жыцці Шаўчука, але спыняцца ён не збіраецца — чаго-чаго, а запалу ў яго хопіць яшчэ гадоў гэтак на пяцьдзесят.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?