Васіль Парфянкоў пасля вызвалення 13 жніўня 2011 года.
29 мая ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачнецца суд над былым палітвязнем Васілём Парфянковым.
Пра гэта 16 мая Парфянкова праінфармавалі ў самім судзе.
Удзельніка Плошчы абвінавачваюць у парушэнні парадку прафілактычнага нагляду, які быў усталяваны адносна яго ў студзені. Васілю Парфянкову пагражае ад 6 месяцаў арышту да года зняволення ў калоніі.
Васіля Парфянкова адным з першых асудзілі за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года. Актывіст дэмакратычнага руху атрымаў 4 гады зняволення, пакаранне адбываў у Аршанскай калоніі. 13 жніўня 2011 года быў памілаваны Лукашэнкам. Увосень і ўзімку 2011 года Васіль Парфянкоў браў удзел у акцыях салідарнасці з палітвязнямі, затрымліваўся міліцыяй. 5 студзеня суддзя Першамайскага суда Сяргей Бандарэнка на запыт міліцыі прысудзіў паставіць Васіля Парфянкова на прафілактычны нагляд. Гэты ж суддзя будзе разглядаць і справу Васіля Парфянкова аб нібыта парушэнні ім правілаў прафілактычнага нагляду.
Пад прафілактычным наглядам ужо знаходзяцца ўдзельнікі Плошчы Уладзь Яроменак і Павел Вінаградаў. Аляксандр Малчанаў пакараны 1,5 гадамі зняволення паводле абвінавачання ў крадзяжы металалому.