19 мая у дзень правядзення фіналу Лігі Чэмпіёнаў у Гомелі адбыўся чарговы этап футбольнага кубка «Справаводства па-беларуску!»-2012.

Мэта турніра – заахвоціць людзей да больш шырокага ўжытку беларускай мовы, кажа Ігар Случак, кіраўнік ініцыятывы.

Гэтым разам гулялі 6 каманд: «СпБ-09» («Справаводства па-беларуску!»), «ПТК» (сайт Pytalnik.tk), «Замежныя студэнты», «Мерв» (каманда туркменаў), «Аскорд» (гарадская каманда) і «БелГУТ» (студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту).

Агулам было праведзена 9 матчаў плюс 3 серыі пенальці.

Пераможцам турніру стала каманда арганізатараў – «СпБ-09». Другое і трэцяе месца занялі «Аскорд» і «Замежныя студэнты» адпаведна.

Гульні каментавалі па-беларуску Ігар Случак і Яўген Мароз. Апошні з’яўляецца трэнерам каманды «СпБ-09». Хлопец навучаецца ў Музычнай акадэміі. Ён каранямі з Расеі, але даўно жыве ў Гомелі і ведае мову.

Цікава, што на папярэднім турніры знайшоўся туркмен, які гаварыў па-беларуску.

«Гэта была цяжкая перамога. Тры каманды маглі стаць чэмпіёнамі, але ім стала «СпБ-09», і гэта сімвалічна.

Самая беларускамоўная каманда перамагла дастойна, не прайграўшы ніводнага матча. Я вельмі ганаруся хлопцамі»,
— кажа Мароз.

Усе ўдзельнікі турніра атрымалі памятныя падарункі, а каманды-пераможцы — яшчэ і кубкі. Найлепшым гульцом турніру быў прызнаны брамнік «СпБ-09». Каманда «ПТК» атрымала прыз «за стабільнасць», бо ўдзельнічала ва ўсіх этапах Кубка.

Першы кубак «Справаводства па-беларуску!» адбыўся ў снежні 2011 года. Тады перамагла каманда «ГумНо». У гэтым годзе кубак праводзіцца ў 4 этапы. Зімовы і веснавы турніры ўжо згуляныя, наперадзе яшчэ два.

Удзел у Кубку-2012 можа ўзяць любая каманда і з любога этапа. Арганізатары не выключаюць правядзенне гульняў і ў іншых гарадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?