Дата пераезду прадпрымальнікаў Чэрвеньскага рынку ў Мінску на новую пляцоўку перанесена на 1 жніўня,паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Вольга Лявошка сёння на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.
«Пакуль тэрміны закрыцця Чэрвеньскага рынку пераносяцца, бо новая пляцоўка па завулку Маякоўскага не гатовая. Планавая дата вызначана на 1 жніўня», — сказала Вольга Лявошка.
Паводле яе слоў, раней дата закрыцця найстарэйшага рынку сталіцы была прызначана на 1 чэрвеня, у сувязі з чым узніклі некаторыя хваляванні ў прадпрымальніцкім асяроддзі. «Гэтыя хваляванні былі неабгрунтаваныя, бо нікому з прадпрымальнікаў ніякіх прадпісанняў аб скасаванні дамоваў не выдавалася», — заўважыла прадстаўнік профільнага ўпраўлення гарвыканкама, прызнаўшы ў сітуацыі, якая склалася недапрацоўку мінскіх чыноўнікаў у частцы правядзення сярод прадпрымальнікаў тлумачальнай працы.





