Міністр замежных спраў Народнай Рэспублікі Бангладэш Дзіпу Моні наведае з афіцыйным візітам Беларусь 21–24 мая.

У МЗС падкрэслілі, што гэты візіт стане першым у гісторыі двухбаковых адносін візітам на ўзроўні кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Бангладэш у Беларусь.

Праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, кіраўніцтвам Беларускай калійнай кампаніі і Мінскага трактарнага завода.
Плануецца абмеркаваць комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы абмен візітамі на высокім узроўні, развіццё дагаворна-прававой базы, пашырэнне паставак беларускіх калійных угнаенняў і сельскагаспадарчай тэхнікі на бангладэшскі рынак, узаемадзеянне ў рамках міжнародных арганізацый, наладжванне супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы і іншыя пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Чакаецца, што ў ходзе візіту міністра замежных спраў Бангладэш у Беларусь будзе падпісаны міжведамасны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі.

Дзіпу Моні наведае мемарыяльны комплекс «Хатынь», а таксама ўскладзе вянок да манумента Перамогі ў Мінску.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Бангладэш устаноўлены 21 лютага 1992 года. Аб’ём беларуска-бангладэшскага гандлю ў 2011 годзе склаў $134,3 млн., экспарт з Беларусі — $121,2 млн. (рост у 2,4 раза ў параўнанні з 2010 годам). 98% экспарту склалі калійныя ўгнаенні ($118,4 млн.). Экспартаваліся таксама рэнтгенаўская апаратура, жгут сінтэтычных нітак, трактары і іншая прадукцыя.

У студзені-сакавіку 2012 года тавараабарот з Бангладэш склаў $2,4 млн. і прадстаўлены выключна імпартам з Бангладэш (адзенне, тытунёвая сыравіна, пража з джутавых валокнаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?