Судзьдзя Караткевіч прыпыніла справу царквы да моманту, пакуль не атрымае адказы на запыты ў кампэтэнтныя органы
На сёньняшнім паседжаньні судзьдзя запытала ў прадстаўнікоў царквы, ці атрымалі тыя адказ зь інстанцыяў, у якія яны зьвярталіся з запытамі па справе аб абароне права карыстаньня зямельным надзелам і будынкам былога кароўніку. Па словах праўніка царквы Сяргея Луканіна, запыты былі дасланыя ў адзінаццаць установаў, сярод якіх Менгарвыканкам ды Адміністрацыя прэзыдэнта. Адказ пакуль атрыманы зь Менгарвыканкаму. І хоць судзьдзя Караткевіч не канкрэтызавала ў якія кампэтэнтныя ворганы будзе дасланы запыт, сп. Луканін мяркуе, што менавіта ў тыя, адкуль царква дагэтуль чакае адказу.
Паводле заканадаўства, тэрмін аднаўленьня справаў, прыпыненых судом, ня вызначаны. У царкве лічаць, што іхная справа адновіцца не раней, чым праз 1,5 ‑2 месяцы.