Найважнейшым напрамкам нацыянальнага руху сёньня ёсьць выхад за рамкі звыклай для нас моўнай фартэцыі. Нас мусіць яднаць ня толькі мова. У культурным рэчышчы гэта азначае неабходнасьць вырабу сваёй міталёгіі, засваеньня паўсядзённай прасторы і канкрэтнага перакшталтаваньня яе на наш капыл.

У часавым вымярэньні гэта, між іншым, азначае, што мы мусім сьвяткаваць тым ці іншым чынам нашыя сьвяты, дзе б мы ні былі – у Вільні ці Брагіне, Маскве ці Вашынгтоне, з грамадой, ці самотна. Гэта зьяднае нас, нават калі многія будуць сьвяткаваць цішком, бо дазволіць стварыць тую самую «ўяўную супольнасьць», якой урэшце і ё нацыя.

Галоўным агульнанацыянальным сьвятам ёсьць Дзень Волі. Яго варта прызнаць адным з самых удалых праектаў нацыянальнага руху ў пляне стварэньня нашае міталёгіі. Назва Дня Волі мае файнае рамантычнае гучаньне дзякуючы шматзначнасьці «волі». Воля‑рашучасьць, і таямнічая ды прынадная воля‑свабода. Воля – даражэй чым дзяржаўная незалежнасьць. Урэшце воля – панятак, што пасавацьме ўсім, а ня толькі нацыяналістам‑дзяржаўнікам, бо воля – гэта адвечны і падставовы панятак. Незалежнасьць і нацыянальная дзяржава – паняткі эпохі мадэрнага нацыяналізму, што даўно завершылася.

Для міту няважная дакладнасьць гістарычнай праўды, важнае толькі нашае ім захапленьне. Таму паспалітаму патрыёту неістотна, чым была БНР, колькі яна праіснавала. Няварта намёртва зьвязваць ніякія нашыя агульнанацыянальныя сьвяты з асобнымі палітычнымі падзеямі. 25 сакавіка мы сьвяткуем ня проста угодкі абвяшчэньня чарговай устаўной граматы БНР, мы сьвяткуем Дзень Волі, як такі. Мы мусім адтварыць, увасабляць гэтую Волю ў гэты дзень і 25 сакавіка 1918 году тут можа быць толькі ўзорам і крыніцай натхненьня. Толькі ўзьняўшы сьвята з узроўню адзначаньня ўгодкаў канкрэтнай гістарычнай падзеі да ўзроўню сымбалічнага адтварэньня лёсавызначальнага, падставовага Чыну, мы зробім яго агульнанацыянальным. Таму кожны год 25 сакавіка мы павінны даводзіць, хаця б сымбалічна, сваё імкненьне да волі. У любой дзяржаве, у любы гістарычны час, для ўсіх беларусаў любой палітычнай прыхільнасьці.

Такое сьвята мусяць атачаць легенды і супярэчнасьці. Яно мусіць мець некалькі сэнсавых слаёў. Таму аптымальным было б спалучэньне грамадовага сьвяткаваньня 25 сакавіка зь сьвяткаваньнем надыходу вясны, мо’ нават яе гуканьнем. Можа давядзецца крыху перакруціць традыцыйны каляндар. Дарэчы з гэтай парой у традыцыйным календары зьвязаныя прыгожыя паданьні, што могуць пры адпаведнай паэтызацыі яшчэ больш аздобіць Дзень Волі, напрыклад пра «сорак выраяў», якія ў гэты час пачынаюць вяртацца з чужой стараны на Бацькаўшчыну. Выгадна адцяняе рамантычны вобраз 25 сакавіка нават яго блізкасьць да вясенняга раўнадзенства, бо сымбалічнае абуджэньне нацыі такім чынам супадае з натуральным абуджэньнем прыроды. Таму 25 сакавіка – гэта ня толькі БНР, давайце думаць шырэй. Свабоду ўяўленьню!

І варта пакінуць спрэчкі наконт іншых мажлівых датаў. У беларускага народу ёсьць адное галоўнае сьвята – 25 сакавіка. Кропка. Калі мы будзем цьвёрдыя ў гэтым нашым перакананьні, гэтая думка пераможа.

Тое ж датычыцца іншых нашых сьвятаў. Дзякуй Богу, беларускія сьвяты ці памятныя дні збольшага вызначаныя – Каляды, Вялікдзень, Радаўніца, Дзень Волі, Купальле, Дзень Аршанскае бітвы 8 верасьня, Дзяды. Няясная пакуль хіба дата Дня жанчынаў. Усё што па‑за гэтым пералікам ня мае агульнабеларускага характару. Па гэтых жа днях кансэнсус ёсьць.

Трэба змагацца з «паралельным календаром» – у асабістым парадку адмовіцца ад сьвяткаваньня «па‑інэрцыі» шэрагу сьвятаў, што засталіся ад каляніяльнай мінуўшчыны, або надаць ім выразна іншае адценьне. Праўда перарабіць іх цяжка з‑за глыбока алькаголізаванай асновы многіх «празьнічных дат» савецка‑расейскага паходжаньня, таму пры нагодзе трэба пераносіць адпаведнікі гэтых «празьнікаў» на іншы дзень. Прыкладам, сьвяткаваньне 23 лютага не апраўдваюць аніякія ўгодкі стварэньня Беларускай краёвай абароны. Дзеля ўшанаваньня пакутнікаў, загінулых за волю Бацькаўшчыны, існуе іншы дзень, што не вылікацьме вялікіх пярэчаньняў – 8 верасьня. Зноў жа, ня трэба абмяжоўваць сэнс гэтага дня гадавінай Аршанскай бітвы ці корпацца ў гістарычных дэталях (гэта справа гісторыкаў). Нам трэба проста сьвяткаваць гэты дзень, як сымбаль, як рытуал.

8 сакавіка гэткім самым чынам варта перанесьці на іншы дзень. У прынцыпе, значэньне гэтага дня не выклікае пярэчаньняў, але яго першапачатковы сэнс збэсьціла савецкая традыцыя – дзяржаўнага прымусовага сьвяткаваньня і паспалітага алькагалізму.

Змагаючыся з каляніяльнай культурай мы ня можам сьвяткаваць каляніяльныя сьвяты. Каляніяльная ўлада, перарабляючы і падпарадкоўваючы наш край, разьмеціла часавую прастору так, а таму мы мусім зараз разьмеціць яе па іншаму. Урэшце гэта дазволіць ачысьціць самыя сьвяты, і пазбыцца алькагольнага кампанэнту. Беларусы павінны сапраўды сьвяткаваць – зь весялосьцю, таньчаньнем ды сьпевамі, а не далей працягваць савецкія традыцыі з убогім падарункавым шалам і п’янствам. Каб, як казаў паэт, «… пралунаў вясёлкай наш 25‑ы сакавік!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?