У Слоніме (Гродзенская вобласць) запланавана ўзвядзенне помніка канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу (04.04.1557 — 07.07.1633). Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства культуры на зварот кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) у сувязі з 450‑годдзем з дня нараджэння Л.Сапегі.

У лісце намесніка міністра культуры Валерыя Гедройца старшыні ТБМ Алегу Трусаву зазначана, што ўзвядзенне помніка Льву Сапегу ў Слоніме «прадугледжана пастановай калегіі міністэрства ад 20 кастрычніка 2005 года «Аб стане і перспектывах развіцця выяўленчага мастацтва Беларусі» на 2006‑2010 гады». Апрача таго, паведамляецца, што «адна з плошчаў Слоніма носіць імя Льва Сапегі, у фондах мясцовага краязнаўчага музея знаходзяцца тэматычныя экспанаты таго часу», «у горадзе Ліда Гродзенскай вобласці з 2 па 7 красавіка гісторыка‑мастацкім музеем будзе праведзены тыдзень інфармацыі, прысвечаны Льву Сапегу». «Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай горада арганізаваны кніжныя выставы пад назвай «Леў Сапега — канцлер Вялікага княства Літоўскага», а 4 красавіка, у дзень нараджэння знакамітага земляка, адбудзецца гадзіна цікавай інфармацыі «Леў Сапега і Статут ВКЛ», — гаворыцца ў лісце.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Трусаў выказаў падзяку Міністэрству культуры за намер устанавіць у Слоніме манумент Льву Сапегу і выказаў пажаданне паскорыць працэс ўзвядзення помніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?