Час, праведзены за добрай кнігай, можа аказацца зусім не змарнаваным, а вельмі прыемным і нават у нечым непаўторным.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапануе ўсім, неабыякавым да кнігі, а таксама асобы і творчасці Максіма Багдановіча, узяць удзел у акцыі «Кнігазварот з Максімам-кніжнікам».
Ідэя яе пазычаная з букросінгу — сусветнага руху па «вызваленні» кніг. Рух аб’ядноўвае людзей, якія пасля прачытання кнігі вырашылі пакінуць яе ў якім-небудзь грамадскім месцы, каб іншы чалавек мог гэтую кнігу знайсці і прачытаць. Апошні, у сваю чаргу, павінен зрабіць з ёю тое самае. На сённяшні дзень прасачыць «падарожжа» пакінутай кнігі можна праз спецыяльныя сайты, дзе ёй прысвойваецца нумар, а ў розных гарадах ствараюцца так званыя «бяспечныя» паліцы, дзе кожны можа пакінуць сваю кнігу і не перажываць, што яна можа трапіць да недасведчаных людзей і апынуцца папросту ў сметніцы. У Мінску існуе некалькі такіх паліцаў. Найбольш вядомыя з іх — паліца ў офісе партала TUT.BY, паліца ў кнігарні «логвінаЎ», паліца ў кавярні «Лондан».

Што да Максіма Багдановіча, то класік беларускай літаратуры, быў сапраўды апантаным чытальнікам: бацька, Адам Ягоравіч, так і называў сына — Максім-кніжнік, і, што цікава, гэтая мянушка пазней стала адным з псеўданімаў паэта.

Каб узяць удзел у «Кнігазвароце з Максімам-кніжнікам», неабходна наступнае:

а) выбраць любую беларускамоўную кнігу з уласнай бібліятэкі;

б) прыйсці з ёю да помніка Максіму Багдановічу 15 чэрвеня 2012 у 17.00.

в) узяць у супрацоўніка музея адмысловую закладку;

г) адвезці кнігу ў месца з «бяспечнай» паліцай, зрабіўшы фотафіксацыю.

Кожны, хто возьме ўдзел у акцыі, атрымае бясплатны квіток на канцэрт гурта «Нельга забыць» у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, які адбудзецца 15 чэрвеня 2012 у 19.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0