Адзін са стваральнікаў праекта «Мультклуб», тэхнічны каардынатар інтэрнет‑садружнасці «Трэці шлях» Андрэй Абозаў мае намер прасіць палітычнага прытулку ў Эстоніі. Пра гэта паведамляе інтэрнет‑сайт «Трэцяга шляху».

25 сакавіка А.Абозаў быў затрыманы ў Цвяры. Ён ехаў з Украіны ў Эстонію цераз расійскую тэрыторыю. Супрацоўнікі міліцыі знялі беларускага грамадзяніна з цягніка «Масква — Талін». Расійскія праваахоўныя органы аб’явілі ў вышук А.Абозава па запыце беларускага боку.

Аднак цвярскі суд пастанавіў, што затрыманы не можа быць выданы беларускім праваахоўным органам, паколькі ў расійскім Крымінальным кодэксе адсутнічае адпаведны артыкул. Апрача таго, як сцвярджае А.Абозаў, справа «Мультклуба» была прызнана палітычнай у Расіі яшчэ ў 2005 годзе, і яна дагэтуль знаходзіцца пад кантролем расійска‑беларускай праваабарончай камісіі пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

26 сакавіка А.Абозаў быў пад вартай дастаўлены да эстонскай мяжы.

У жніўні 2005 года пракуратура Мінска распачала крымінальную справу па факце распаўсюджвання ў інтэрнеце мультфільмаў, «якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі». Падставай сталі мультыплікацыйныя фільмы, якія прадстаўляюць невялікія сюжэты сатырычнага характару, галоўным героем якога з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне за падобнае злачынства ў выглядзе пазбаўлення або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў.

У рамках крымінальнай справы ў якасці сведкаў былі дапытаныя адміністратар сайта Андрэй Абозаў і каардынатар праекта Павел Марозаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах вобшукі, канфіскавалі 12 адзінак камп’ютэрнай тэхнікі, на якіх маглі стварацца мультфільмы.

А.Абозаў, П.Марозаў і яшчэ адзін падазроны Алег Мініч не сталі чакаць арыштаў і выехалі ў сумежныя краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?