Усе пяць чалавек, якія былі падазронымі па справе аб удзеле ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», прызнаныя абвінавачванымі. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з іх Дзмітрый Федарук.

Да 4 красавіка Д.Федарук, Алег Корбан, Анастасія Палажанка, Аляксей Янушэўскі і Барыс Гарэцкі будуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. «Сёння для гэтага нас усіх выклікалі ў пракуратуру Мінска. Прывязуць нават Барыса Гарэцкага, які зараз адбывае пакаранне ў спецпрыёмніку‑размеркавальніку па вуліцы Акрэсціна», — сказаў Д.Федарук. Паводле яго слоў, пасля азнаямлення абвінавачваных са справай яна можа быць перададзеная ў суд.

Нагадаем, 27 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» былі затрыманыя ўвечары 4 лютага ў прыватнай кватэры ў Мінску падчас пасяджэння цэнтральнага савета арганізацыі. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Маладых людзей даставілі ва УУС Савецкага раёна сталіцы. Пасля складання пратаколаў усе, акрамя Д.Федарука і А.Корбана, былі адпушчаныя. Актывісты тры дні правялі ў следчым ізалятары КДБ, дзе яны былі прызнаныя падазронымі ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 193‑1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Санкцыі гэтага артыкула: штраф, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Потым падазронымі былі прызнаныя А.Палажанка, Б.Гарэцкі і А.Янушэўскі.

Варта зазначыць, што па тым жа артыкуле за ўдзел у той жа арганізацыі 1 лістапада 2006 года Дзмітрый Дашкевіч быў асуджаны на адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?