Ігар Васільеў.

Ігар Васільеў.

Першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама затрыманы за атрыманне хабару. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Паводле словаў Аляксандра Канюка, інфармацыя пра затрыманне першага намесніка старшыні гарвыканкама Мінска Ігара Васільева пацвярджаецца. Ён затрыманы за атрыманне хабару (430 арт. КК Беларусі).

«Іншую інфармацыю даць пакуль не магу, паколькі зараз ідзе расследаванне», — адзначыў генпракурор, паведамляе БелаПАН

Яшчэ 2 ліпеня Ігар Васільеў адкрываў дарожную развязку ў Мінску, а 9-га яго ўжо не было няма на працы. У Следчым камітэце ў панядзелак адмаўлялі наяўнасць крымінальнай справы на чыноўніка, а ў КДБ не каментавалі. У кабінеце Васільева тэлефон не адказваў, а ў Мінгравыканкаме заявілі, што ён знаходзіцца ў адпачынку. Па інфармацыі, распаўсюджанай у інтэрнэце, намесніка Мікалая Ладуцькі нібыта затрымалі 6 ліпеня на працоўным месцы.

Васільеў кіраваў дзейнасцю жыллёвай і камунальнай гаспадарак, дарожнага будаўніцтва, гаражамі, аўтастаянкамі, паркоўкамі і яшчэ шэрагам пытанняў.

На гэтую пасаду яго прызначыў Аляксандр Лукашэнка 30 верасня 2010. Да гэтага Васільеў працаваў дырэктарам Мінскага камбіната сілікатных вырабаў.
Падчас дырэктараства выбіраўся ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў 26-га склікання (выбарчая акруга №22). Разам з ім па гэтай акрузе балатаваліся прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Максім Пракапенка і член Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Ястраб.

Сёлета ў Мінску ўжо затрымлівалі чыноўнікаў. Першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска абвінавачваюць у атрыманні хабару ад прадпрымальнікаў. Агульная сума хабару перавысіла 90 мільёнаў рублёў. Матэрыялы па яго крымінальнай справе перададзены ў пракуратуру для накіравання ў суд. У канцы мая ў сталіцы быў затрыманы былы мэр Полацка. Яго абвінавацілі ва злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

***

Некалькі фактаў пра Васільева

— выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута (1992);

— сума гадавога даходу за 2009 склала 82.024.727 рублёў;

— валодаў 4460 акцыямі Мінскага камбіната сілікатных вырабаў і кватэрай у Мінску;

— летась агучыў праграму «400», згодна з якой будзе вырашана праблема з паркоўкамі ў сталіцы: да 2020 павінны быць створаны 400 тысяч парковачных месцаў, а палову з іх плануюць увесці да 2015-га;

— пры ім пачалося будаўніцтва дамоў для спецназаўцаў у мікрараёне Уручча, супраць чаго ўзбунтаваліся жыхары навакольных шматпавярховікаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?