У Лошыцкім парку ля памятнага Крыжа ў памяць пра ахвяраў сталінскага рэжыму, усталяванага ў 1995 г., сабраліся 13 чалавек. Яны запалілі сьвечкі ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, прачыталі малітвы.
Менавіта на гэтым месцы ў 1930-х былі расстраляныя тысячы ахвяраў сталінскага рэжыму.
За прысутнымі назіралі людзі ў аўтамабілі УАЗ і мікрааўтобусе. З раніцы ў Лошыцы дзяжурыла "Волга".
Аналягічныя акцыі прайшлі сёньня ў Парку Чалюскінцаў (Ваньковіцкі лес) ды Курапатах.
❏
Грамадзкі аргкамітэт па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій мае намер запальваць сьвечкі памяці 29‑га чысла кожнага месяца. Акцыя «Памятай пра 37‑ы» праводзіцца як напамін пра 29 кастрычніка 1937 г., калі ў Менску была расстраляная найбольшая колькасьць прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі.