Народны артыст Расіі Леў Лешчанка ўдастоены спецыяльнай узнагароды прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міра і паразумення», а 12 ліпеня на Алеі зорак у Віцебску ў гонар спевака была ўстаноўлена імянная зорка.

На цырымоніі адкрыцця зоркі міністр культуры Беларусі Павел Латушка адзначыў, што сам часта слухае песні Лешчанкі.

«Калі я быў маленькім хлопчыкам, то праводзіў канікулы ў бабулі на вёсцы. Мы глядзелі тэлевізар, па якім паказвалі канцэрт Льва Лешчанкі, і бабуля сказала, што гэта яе любімы артыст. Дагэтуль у маім аўтамабілі ляжыць дыск з песнямі Лешчанкі, і я іх слухаю», — прызнаўся міністр культуры.

«У мяне дастаткова шмат дзяржаўных узнагарод, але грамадскае прызнанне — самая высокая ўзнагарода для чалавека, і я вельмі крануты, што мяне не забылі», — сказаў Лешчанка журналістам пасля цырымоніі адкрыцця зоркі.

Спявак прызнаўся, што яму было крыху няёмка атрымліваць прэмію, бо ён не імкнецца да вядомасці, а проста стараецца быць прафесіяналам.

Імя Льва Лешчанкі ўвекавечана на Алеі зорак толькі ў Віцебску. «Зорка», закладзеная ў гонар спевака ў Маскве, была знесена разам з канцэртнай залай «Расія» і перамешчаная ў невядомае для артыста месца.

У Беларусь Лешчанка прыязджае нячаста, але «Славянскі базар» — гэта ўжо трэці візіт спевака ў Беларусь сёлета: у Дзень Перамогі артыст ездзіў у Гомель, а нядаўна працаваў у Барысаве.

На думку Лешчанкі, «Славянскі базар» — гэта «адзіны фестываль, куды прыязджаюць братэрскія народы і дзеляцца сваімі поспехамі і расказваюць пра сваю культуру». «Для нас гэта адзіная магчымасць інтэгравацца», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?