У канцы верасня 1606 г. у маёнтку пана Яна Гарабурды да ночы ішло баляванне.
Пан Ян прымаў у гасцях свайго старога прыяцеля і добрага суседа пана Станіслава Карловіча. Суседзі шляхетна пасядзелі, абмеркавалі навіны, папляткарылі, і калі хмель ужо амаль перамог абодвух сяброў, пан Станіслаў пачаў скардзіцца на сваю нялёгкую долю. А бяда ў яго была толькі адна - жонка.

Амаль усю непрыемную гісторыю пан Ян ведаў на памяць, усё ж адбывалася на яго вачах, але не даць магчымасці яшчэ раз выказацца суседу было проста няветліва. Гісторыя была простая і старая як свет: пан Станіслаў шчасліва пражыў у шлюбе чатыры гады. Але яго жонка памерла, пакінуўшы яму двух маленькіх дзетак -- сына Кшыштафа і дачку Кацярыну.

Пражыў пан Станіслаў удаўцом доўга, ды вось суседзі нараілі зноў ажаніцца.

Хоць жаніх быў немалады, але меў многія іншыя добрыя якасці - быў вядомым усёй акрузе добрым, ціхім норавам (ды і ў хмелі ў буянстве не заўважаны), а галоўнае багаты -- у даўжніках у яго хадзілі нават вельмі ўплывовыя персоны. Словам, за нявестай справа не стала - знайшлася ў акрузе партыя - Марына Стафанаўна Дастаеўская.
Спачатку ўсё было нібы і нядрэнна, яшчэ двое дзетак нарадзілася ў маёнтку Карловіча, але з часам характар Марыны пачаў псавацца, рэдкі дзень абыходзіўся без скандалу.
І цяпер жонка наогул памкнулася звесці са свету яго, пана Карловіча, нават нешта задумваць пачала. Таму просіць ён суседа пра дзетак паклапаціцца, калі якое няшчасце з ім здарыцца. Тут пан Карловіч расплакаўся як дзіця.

Пан Ян, які ўжо раз выслухаўшы сумную гісторыю суседа, паабяцаў не пакінуць дзяцей, даў некалькі мужчынскіх парадаў пра тое, як абыходзіцца з Евінымі дочкамі, словам, як мог супакоіў сябра. Пан Станіслаў, у сваю чаргу, паабяцаў паказаць жонцы, хто ў доме гаспадар (чым выклікаў іранічную ўсмешку на твары Гарабурды - мяккасць Карловіча была вядомая ўсёй акрузе), і з лёгкім сэрцам адправіўся дадому. Пан Ян праводзіў сябра, але ён і ўявіць не мог, што найгоршыя прароцтвы Карловіча спраўдзяцца.

Праз тыдзень у маёнтку Карловіча ў Дурынічах з'явіўся дзіўны госць.
Дакладней, госцем такога і назваць нельга, бо адразу па сваім з'яўленні ён быў схаваны ад панскіх вачэй спачатку ў каморцы, а затым на гумне. Пра госця гэтага ведалі толькі гаспадыня ды слуга яе Якаў Селівонавіч. Звалі яго Янам Турам. Мужчынам ён быў заўважным: высокі, з арліным профілем і пышнымі вусамі. Крыху патрапаны выгляд гэтага героя ў вачах пані Марыны выпраўлялі уражлівых памераў шабля, што вісела на баку, ды мушкет. Каля тыдня Ян Тур пражыў на гумне і толькі зрэдку, начамі, пераапрануўшыся ў сялянскую світку, выходзіў на двор. Ежу пустэльніку прыносіла сама гаспадыня, падоўгу застаючыся ў яго. І чым часцейшымі рабіліся іх сустрэчы, тым менш шанцаў выжыць заставалася ў няшчаснага пана Карловіча.
Увечары 14 кастрычніка пані Марына прапанавала мужу пайсці ў лазню. Пан Станіслаў здзівіўся, але па звычцы спрачацца з жонкай не стаў, таму, узяўшы з сабой аднаго прыслужніка, адправіўся на ноч гледзячы ў лазню, што стаяла наводшыбе.
І толькі ён схаваўся з вачэй, як "клапатлівая" жонка загадала схаваць сабак, а сама кінулася да брамы, якую ўласнымі рукамі і замкнула. Цяпер Карловіча мог выратаваць толькі цуд.

Папарыўшыся, пан Станіслаў быў у гуморы, таму ішоў дадому спакойна і павольна.

Ян Тур, што сцярог сваю ахвяру ў засадзе, пачакаў, пакуль Карловіч наблізіцца, і толькі тады стрэліў.
Пан Станіслаў ўпаў. Але паранены - гэта яшчэ не мёртвы, пан Станіслаў Карловіч вельмі хацеў жыць, таму знайшоў сілы падняцца і пабегчы да брамы ўласнага дома. Але брама аказалася зачыненай, давёўшы тым самым пану Станіславу непрыемную праўду: калі жанчына чаго-небудзь хоча, яна абавязкова гэтага даможацца. Ля варот яго нагнаў Ян Тур. Ён пачаў секчы Карловіча шабляй, але, пачуўшы набліжэнне жыхароў вёскі, якія прачнуліся ад стрэлу, вырашыў, што сустрэча з сялянамі скончыцца для яго кепска, таму пусціўся наўцёкі. Неўзабаве ён ужо быў ў гасцінным гумне Селівонавіча.

Жыхары Дурынічаў знайшлі свайго гаспадара ў лужыне крыві каля брамы ўласнага дома. Ён быў яшчэ жывы, і сяляне неадкладна панеслі яго ў дом.

Аднак гаспадыня не дазволіла пакласці цела ў пакоях - «нясіце яго, да д'ябла, у камору».
Там, у цёмнай каморы, накрыты простым радном, добры пан і ўздыхнуў апошні раз.

Дзёрзкае забойства прыгаломшыла жыхароў вёскі. Параіўшыся, яны пачалі прасіць гаспадыню сабраць следства і накіравацца на пошук забойцы, але пані Марына забараніла ім гэта, спаслаўшыся на небяспечнасць злачынцы: «мужа забіў і вас пазабівае».

На наступны дзень Ян Тур перабраўся ў пакоі забітага, а жыхарам было забаронена нават казаць пра забойства.

Але надта ўжо прыкметнай фігурай быў пан Карловіч, каб так проста можна было замяць справу. Першымі ўспудзіліся суседзі. Яны пачалі па адным заязджаць у Дурынічы, распытваць сялян, нават прасілі паглядзець на месца злачынства, дзе свінні і сабакі злізвалі пазасталую кроў гаспадара маёнтка.

Чуткі хутка дасягнулі Мінска, і за справу ўзяўся стараста суда Андрэй Станкевіч.

Стараста быў чалавекам дасведчаным. Фармальна ён не меў права пачынаць працэс, бо не было заяўнікаў, але і пакінуць справу проста так не мог.

Для пачатку ён запатрабаваў цела Карловіча ў Мінск, дзе засведчыў гвалтоўную смерць.
Але чакаць далейшага развіцця ён не стаў -- адразу кінуўся апытваць ўсіх магчымых сведак. Наведаў і ўдаву, але, не атрымаўшы выразных тлумачэнняў, толькі пераканаўся, што справа нячыстая.

Пані Марына тым часам была амаль шчаслівая. Шчаслівая - таму, што мілы яе сэрцу Ян Тур быў побач, а амаль – таму, што не цешылі яе справы фінансавыя: пасынак Кшыштаф неўзабаве павінен быў успадкаваць усю маёмасць бацькі.

Хоць яму і мінула 19 гадоў, ён усё яшчэ лічыўся непаўналетнім. Каб не ўпусціць такое багацце, да маладога чалавека прыставілі ахову, а затым і зусім пасадзілі пад замок. Яго сястры Кацярыне на ўсялякі выпадак прапанавалі заняцца рукадзеллем, для чаго таксама быў выдзелены прасторны пакой, моцна замкнуты звонку. Схаваўшы нялюбых спадкаемцаў Карловіча далей ад вачэй, пані Марына выправілася ў Мінск разам са сваім мілоснікам Янам Турам. Але доўга там заставацца разам яны не маглі -- вобраз няўцешнай удавы зусім не пасаваў пані Марыне.

Неяк шпацыруючы каля маёнтка, Ян Тур крыху прытаміўся і, спыніўшы фурмана, запатрабаваў давезці яго да сядзібы. Селянін яму трапіўся праставаты, але гаваркі і цікаўны. Ён і пацікавіўся ў Яна Тура, ці не пра яго распытвалі судзейскія ў сувязі з забойствам пана Карловіча.

Ян Тур быў начуты пра Андрэя Станкевіча, сустрэча з якім не ўваходзіла ў яго планы і абяцала буйныя непрыемнасці.
Вяртацца ў сядзібу яму неяк адразу расхацелася, і з тым жа фурманам ён накіраваўся проста ў Слуцк, для парадку навесіўшы цікаўнаму селяніну пару важкіх аплявух.

Пані Марыну цяпер пачало займаць пытанне спадчыны. Паколькі спецыяліст па няшчасных выпадках пакінуў яе, давялося звярнуцца да юрыдычных сродкаў, каб аформіць спадчыну на сябе і сваіх дзяцей. Хітры адвакат знайшоўся адразу, ды і родная сястра, Раіна Дастаеўская, дапамагчы падахвоцілася.

Сумеснымі намаганнямі яны натхнёна склалі тэстамент, нібыта напісаны панам Карловічам у Крэве.
Згодна з гэтым тэстаментам, уся маёмасць нябожчыка пераходзіла ў рукі пані Марыны. Але на паслугі такога кшталту патрабаваліся сродкі, ды і сястру крыўдзіць не хацелася, таму гаспадыня Дурынічаў вырашыла вярнуць пазыкі мужа. Цягацца з магнатамі яна, праўда, не стала, але скіравала позірк на суседа, Мікалая Глябовіча, які павінен быў вярнуць усе пазыкі ў лістападзе таго ж года, але не зрабіў гэтага, падазраючы пані Марыну ў забойстве мужа.

У закладзены Глябовічам Ільскі маёнтак удава Карловіча накіравала сваіх людзей з патрабаваннем да гаспадара вярнуць пазыку або перадаць маёнтак упаўнаважаным.

Гасцей ад пані Марыны сустрэлі, запрасілі ў хату, а ўжо там раззброілі і прапанавалі звяртацца ў суд, пасля чаго праводзілі да ваколіцы і параілі з такім глупствам больш не прыходзіць, падмацаваўшы параду некалькімі дзеяннямі фізічнага кшталту.
Калі пабітыя эмісары пані Марыны вярнуліся ў Дурынічы, адбылося яшчэ адно прыкрае непаразуменне -- малады Кшыштаф падмануў пільнасць вартаўнікоў і збег да пана Яна Гарабурды.
Усе спробы ўдавы завалодаць маёмасцю не заставаліся незаўважнымі для Андрэя Станкевіча. Ён цярпліва чакаў хоць якога-небудзь звароту ў суд, каб вывесці Марыну на чыстую ваду.
Уцёкі ж спадкаемцы Карловіча развязвалі яму рукі. За зваротам у суд справа не стала. І тут Станкевіч праявіў сябе як сапраўдны майстар сваёй справы. Замест шматгадовых цяжбаў праз трыбунал ён прызначыў копны суд.

Абаронца Марыны Дастаеўскай настойваў на фармальным баку справы - паводле закона, расследаванне забойства Карловіча не павінна было слухацца ў копным судзе -- нябожчык не быў чалавекам невядомым або прышлым, ды і пазоўнікаў, па вялікім рахунку, не магло быць - пані Марына справы не пачынала, а Кшыштаф лічыўся непаўналетнім. Але вось справы пра фальшывы тэстамент ніхто не адмяняў.

І якраз тут спатрэбілася вялікая праца, якую зрабіў Станкевіч са сваімі памочнікамі.

Нібы па нітачцы разблытваў клубок злачынстваў стараста Мінскага суда. Не адзін дзясятак сведкаў выслухаў суд. Да ўсіх дробязяў, да ўсіх дэталяў усё было вядома Станкевічу.
Дабраліся і да галоўнага сведкі - Селівонавіча. Той спачатку адмаўляў усё, але калі яму прапанавалі паўтарыць свае паказанні пад катаваннем, неяк адразу звяў. Калі ж яму прадэманстравалі розгі, якія выклікаюць вялікую павагу да суду, ён не стаў выпрабоўваць на трываласць ні свой характар, ні часткі цела.

Следства дапоўнілася вельмі маляўнічымі і пікантнымі падрабязнасцямі. Вердыкт суда быў аднадушным:

пані Марына і слуга яе Селівонавіч былі асуджаныя на смерць.
Права на апеляцыю, зрэшты, асуджанай далі. Ян Тур, што хаваўся ад суду, быў асуджаны на баніцыю - выгнанне.

Так скончылася гэтая гучная справа, што ўскалыхнула ўсё Мінскае ваяводства і паказала, што пры недасканаласці законаў вельмі многае залежыць ад людзей, што іх выконваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?