Стала вядома, што Антон Сурапін, затрыманы ў справе «шведскай медзведзіроўкі», падазраецца па ч.3 артыкула 371 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі).
Антона падазраюць у спрыянні гэтым злачынным дзеянням (арт. 16 КК РБ), грунтуючыся на размешчаных ім у інтэрнэце эксклюзіўных фота «шведскіх мядзведзікаў».
Учора яго ўпершыню дапытаў следчы.
— Адвакат паведаміў, што першы допыт рэдактара сайта bnp.by адбыўся ў панядзелак 16 ліпеня, у той час як Антона затрымалі 13 ліпеня, і ўсе выходныя ён правёў у СІЗА КДБ,— пракаментаваў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны яшчэ на 10 сутак. Бацькі Антона ўжо нанялі яму адваката.
Паводле Бастунца, падаўжэнне ўтрымання пад вартай не азначае, што Антону Сурапіну прад’явяць абвінавачванне.
— На жаль, гэта звычайная практыка для нашых следчых органаў — пратрымаць чалавека ў зняволенні як мага даўжэй. Лічыцца, што пад вартай затрыманы больш ахвотна супрацоўнічае са следствам, — рэзюмаваў Андрэй Бастунец.
Тым часам бацькі Антона Сурапіна збіраюць рэчы для перадачы сыну.
— Мы бачыліся з дзяжурным адвакатам, — распавяла Алена Сурапіна. — Ён сказаў, што Антон пачуваецца добра, у камеры ён знаходзіцца не адзін. Сёння раніцай мы нанялі адваката і збіраем рэчы для передачы Антону ў СІЗА.
* * *
Нагадаем,
Раней





