У Мінску 17 ліпеня быў затрыманы актывіст, аўтар нашумелага перфомансу «Мусарок» Іван Амельчанка. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Прыкладна пасля 11 гадзіны раніцы Іван выйшаў з дому на запланаваную сустрэчу, і больш ягоны тэлефон не адказвае. Нагадаем, што падобным чынам ён быў затрыманы 26 чэрвеня і пакараны адміністратыўным арыштам на 15 сутак, нібыта за брыдкаслоўе. Агулам за два месяцы Амельчанка правёў за кратамі 40 сутак.

Нагадаем, што ўчора моладзевая арганізацыя «Змена» правяла прэс-канферэнцыю з нагоды вылучэння кандыдата ў дэпутаты Івана Амельчанкі.

Як патлумачыў журналістам актывіст моладзевай арганізацыі «Змена» Павал Вінаградаў, яны ідуць у народ, каб падкрэсліць усю абсурднасць гэтых выбараў. «Змена» вырашыла падтрымаць кандыдатуру харызматычнага Івана, бо ён балатуецца не ад нейкай партыі ці арганізацыі, Іван - кандыдат «ад народу». «Мы будзем паказваць, што выборы — гэта мыльная бурбалка, да якой не варта ставіцца сур’ёзна», -- сказаў Вінаградаў.

Сёння таксама затрымалі шэраг маладафронтаўцаў. Мяркуецца, што такім чынам улады страхуюцца ад публічных пратэстаў у часе візіту расійскага прэм'ера Мядзведзева.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?