У ноч на 30 ліпеня памёр выбітны акцёр і рэжысёр Аляксандр Колбышаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, смерць надышла ад тромбу, які закупорыў сасуды. Сябры кажуць, што Колбышаў пакутваў ад болю ў грудзях, але прычыны болю высветліць не ўдавалася.

Аляксандр Колбышаў геніяльна сыграў партызана Штыркіна ў фільме Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», святара-паўстанца ў нашумелай «Масакры».

Колбышаў стварыў адзін з самых яскравых фільмаў апошняга часу — антытаталітарную драму «Ваўкі», якая атрымала некалькі ўзнагародаў на фестывалях у Расіі і Украіне.

«Аляксандр сышоў не стварыўшы свае галоўныя праекты — кажа драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык. — У ім была тая энергія, якая б магла назаўжды змяніць беларускае кіно.
Калі мы з ім працавалі на «Акупацыі», у яго была велізарная колькасць праектаў у галаве. Яму вельмі цяжка было працаваць над «Ваўкамі», мне здаецца, так і не ўдалося рэалізаваць гэты праект у тым маштабе, у якім планаваў Саша. Апошнія гады яму не давалі нармальна працаваць — ён падаваў заяўку на конкурс Міністэрства культуры, але яго не абіралі. Гэта пры тым, што Колбышаў дакладна ўваходзіў у тройку найлепшых беларускіх рэжысёраў. Шкада, што
апошнія некалькі гадоў яму даводзілася, каб карміць сям’ю, здымаць ідыёцкія расійскія серыялы. У той час як ён мог стварыць сапраўдны нацыянальны кінематограф.
Я, як і Андрэй Кудзіненка, заўжды паказваў свае працы найперш Колбышаву. Гэта велізарная страта для беларускай культуры».

Інфармацыя пра час развітання і пахавання Аляксандра Колбышава з’явіцца праз некалькі гадзінаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?