Камісія магілёўскай турмы № 4 адмовілася змякчыць рэжым утрымання былому кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу. Пра гэта Статкевіч паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч.

Паводле яе слоў, Статкевіч напісаў ёй ліст пасля адбыцця 10 сутак у штрафным ізалятары.

Палітык таксама паведаміў, што кіраўніцтва магілёўскай турмы дало яму абяцанне больш не прапаноўваць напісаць прашэнне аб памілаванні.

«Ён напісаў, што настаяў, каб кіраўніцтва турмы дало яму абяцанне «больш ніколі нават не казаць пра „памілаванне“, бо, па-першае, яго пазіцыя вядомая і нязменная. Па-другое, гэта кепскі для яго знак, бо кожны раз пасля адмовы „папрасіцца“ ў яго пачынаюцца праблемы з насоўкамі, біркамі, суседзямі, што цягне спагнанні», — сказала Адамовіч.
У той жа час Статкевіч заклікаў з разуменнем ставіцца да тых, хто напісаў прашэнне аб памілаванні.
«Але розныя людзі, розныя сітуацыі, розная адказнасць. У мяне яна найбольшая, улічваючы маё „кандыдацтва“. Я не асуджаю нікога з тых, хто „папрасіў“, прашу не асуджаць іх нікому, буду шчыра рады, калі яны выйдуць на волю, але сам „прасіцца“ права не маю. І ніякія ШІЗА і „рэжымы“ тут нічога не мяняюць», — напісаў палітык.
    26 мая 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года быў пераведзены ў СІЗА ў Магілёве. Прычынай стаў афіцыйны дакумент адміністрацыі калоніі, згодна з якім асуджаны палітык «не паўстаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны спосаб жыцця». Паводле слоў жонкі палітыка, фармальнай падставай для абвінавачання стала тое, што на адзенні не было біркі з нумарам зняволенага, ён таксама не згадаў у спісе асабістых рэчаў насоўкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?