Апошнім часам у Мінску зафіксавана больш за дзясятак аднатыповых кватэрных крадзяжоў, ахвярамі якіх станавіліся людзі пажылога ўзросту.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, злачынствы мелі месца ў Заводскім, Ленінскім, Першамайскім і Цэнтральным раёнах горада. Дзейнічаюць зламыснікі арганізавана, па прадуманай і добра разыгранай схеме, перад учыненнем крадзяжоў праводзяць так званую разведку і рэкагнасцыроўку.
Ва ўсіх выпадках напярэдадні крадзяжу ў кватэры ахвяр прыходзілі смуглыя жанчыны (часам з дзецьмі) з прапановай нядорага набыць прадметы пасцельнай бялізны, рушнікі або адзенне.Менавіта ў гэты час і выбіралася чарговая ахвяра. Галоўным чынам тарговак цікавілі адзінокія пенсіянеры. Прыгледзеўшы аб’ект, «разведчыцы» запаміналі размяшчэнне пакояў, абстаноўку ў кватэры, калі ўдавалася прадаць
Вечарам гэтага ж дня ці назаўтра ў выбраную кватэру прыходзіла яшчэ адна дэлегацыя. Адна, а часцей дзве жанчыны, называліся супрацоўнікамі Мінгаза, або работнікамі сацыяльных службаў, або прадстаўнікамі раённых адміністрацый.У іх задачу ўваходзіла максімальнае адцягненне ўвагі састарэлага чалавека. Пры гэтым праверка газавага абсталявання або прапановы аб аказанні дапамогі адбываліся на кухні, ахвяру ж паварочвалі спінай да прыхожай або іншых пакояў. У гэты момант у кватэры з’яўлялася яшчэ адна жанчына, якая і ўчыняла крадзеж. Зламысніцы выдатна ведалі ўсе зацішныя куткі, у якіх састарэлыя людзі хаваюць свае зберажэнні. Як правіла, на пошукі такіх месцаў і крадзеж ішло 5–8 хвілін.
«У адным з выпадкаў на вуліцы Карастаянавай дачасна прыйшла ўнучка і застала ўсіх трох непасрэдна падчас крадзяжу: дзве жанчыны „апрацоўвалі“ састарэлую гаспадыню на кухні, а адна ў пальчатках абшуквала пакой,— расказвае падрабязнасці начальнік аддзела па раскрыцці кватэрных крадзяжоў упраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Мікалай Шыбалка. — Госці адразу ж ацанілі сваё крытычнае становішча і, скарыстаўшыся замяшаннем маладой дзяўчыны, адштурхнуўшы яе, рынуліся да выхаду. Адышоўшы ад першага шоку, дзяўчына паведаміла ў міліцыю, аднак затрымаць зламысніц не ўдалося, хутчэй за ўсё, іх чакала машына».
З пачатку мая гэтага года ў сталіцы зафіксавана 13 падобных крадзяжоў.Ва ўсіх выпадках ахвяры злачынстваў — людзі вельмі састарэлага ўзросту, ад 75 да 87 гадоў. Злачынцы выкрадалі грашовыя зберажэнні або ювелірныя вырабы. Больш за ўсё выкрадзена з кватэры па вуліцы Райніса — 8,5 млн. рублёў.
Цяпер супрацоўнікі крымінальнага вышуку адшукваюць злачынную групу, на яе затрыманне арыентуюцца нарады, якія заступаюць на службу. Міліцыянеры шукаюць трох смуглых жанчын 40–50 гадоў з доўгімі фарбаванымі ў славянскія колеры валасамі, сярэдняга росту і целаскладу. Падчас зносін з пенсіянерамі жанчыны робяць паметкі ў школьны тонкі сшытак у клетачку.





