У інтэрнэце прэзентаваны музычны відэакліп на тэму смяротнага пакарання. Стварылі яго дзяўчаты з магілёўскага рэп-гурту “Прадмова” Роня Роніч і Каця Красавік пры ўдзеле Уладзіміра Някляева, Адама Глобуса, Любові Кавалёвай і праваабаронцаў.
З будучым рэжысёрам кліпа музыкі сустрэліся летась на адной з летніх школаў па правах чалавека. На тэму смяротнага пакарання падчас школы адбылася не адна гарачая дыскусія, і моладзь вырашыла зрабіць унёсак у справу найхутчэйшага вырашэння гэтай балючай для Беларусі праблемы. І зрабілі – сваімі сродкамі: напісалі словы і музыку, сцэнар, і ў пачатку жніўня знялі відэакліп.
Падтрымку аўтарытэтам аказалі вядомыя ў Беларусі людзі -- паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў, паэт і мастак Адам Глобус, прыняла прапанову ўдзельнічаць у здымках і маці расстралянага нядаўна Уладзіслава Кавалёва – Любоў Кавалёва.





