7 жніўня святкуе сваё васьмідзесяцігоддзе доктар філалогіі, прафесар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, заслужаны дзеяч польскай культуры Адам Мальдзіс.

Ён нарадзіўся на Астравеччыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Працаваў непрацяглы час у журналістыцы, а потым цягам амаль паўстагоддзя — у акадэмічным Інстытуце літаратуры.

Сп. Мальдзіс даследуе гісторыю беларускай культуры XVII–XVIII стст., беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расійскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасць беларускай культуры ў свеце, праблемы беларускай дыяспары.

А. Мальдзіс адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак шмат імёнаў і твораў беларускага прыгожага пісьменства і іншых помнікаў культурнай спадчыны, у тым ліку зборнік песень першай паловы XVII стагодзьдзя, гэтак званы «Полацкі сшытак». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мае літоўскія і польскія ўзнагароды.

Аўтар больш як двух дзясяткаў манаграфіяў, літаратуразнаўчых і культуралагічных эсэ, біяграфічнага нарысу «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», ініцыятар стварэння і рэдактар шасцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі».

***

Імпрэза «Служэнне яе вялікасці айчыннай спадчыне», прысвечаная гэтай падзеі, адбудзецца сёння ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце). Пачатак а 16-й.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?