Прапануем тэкст публікацыі даслоўна, але ў перакладзе на родную мову.

Ліст, які прыйшоў у ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», напісаны, відаць, маладым афіцэрам — назавем яго Д. Ён служыць у Полацку. І вельмі незадаволены сваім жыццём…

Радкі з ліста:

«… Чалавек з вышэйшай адукацыяй, якому даверанае выхаванне салдат, давераная зброя — гэта абаронца нашых межаў, атрымлівае такі ​​заробак, за які немагчыма ўтрымліваць сям’ю, немагчыма пабудаваць жыллё, немагчыма жыць паўнавартасным маладым жыццём…», «…гэтая сям’я шчыльна сядзіць на шыі ў сваякоў…»,«…на заводзе НПЗ у г. Наваполацку прыбіральшчыца атрымлівае столькі ж, колькі атрымліваюць лейтэнанты…»,«…не можам мы годна ўтрымліваць войска… скараціць яго…». Ну і далей у тым жа духу.

Словам, старыя песні пра галоўнае. Чытаю іх і пачынаю злавацца. Мы пісалі пра гэта ў «Беларускай ваеннай газеце» і на форуме афіцыйнага сайта Міністэрства абароны, тлумачылі пазіцыю службовых асобаў па гэтым пытанні, расказвалі пра тое, як будзе павялічвацца (і павялічваецца!) грашовае забеспячэнне афіцэраў. Але, як відаць, не да ўсіх дайшло.

Як яшчэ тлумачыць, што краіна робіць для сваіх афіцэраў усё, што толькі магчыма? Можа, паэму напісаць? Ці рок-оперу скласці?.. Добра, звернемся да зразумелай усім народнай творчасці.

Казка пра няўдзячнага сына

У трыдзясятым царстве, у трыдзявятым валадарстве жыла-была жанчына — разумная ды працавітая, добрая ды гасцінная. Звалі яе Сінявокая. І быў у Сінявокай сын Іван.

Маці любіла яго ўсёй душой. Як нарадзіўся Іван, купляла яна яму пялёнкі-распашонкі, каляскі ды калысачкі. Каб Ваня не захварэў, Сінявокая запрашала да яго найлепшых лекараў-педыятраў і медсясцёр. Паслугі іх каштавалі дорага, але мама дактарам спраўна грошы плаціла.

Прыйшоў час ісці ў школу. І зноў у Сінявокай выдаткі: заробак настаўнікам выдаваць трэба, школу будаваць — таксама. Пра вопратку і падручнікі і казаць няма чаго…

Рос Ваня, сілаў і розуму набіраўся. Маці яго і на экскурсіі вазіла, і ў спартыўныя секцыі запісвала. Захацеў Ваня музыцы вучыцца — калі ласка, пажадаў кнігу з бібліятэкі ўзяць — будзь ласкавы…

І ўсе яго запыты вялікіх грошай каштавалі. Але Сінявокай для сына нічога не шкада: хай Ваня вырасце разумным, добрым ды моцным.

Але вось школьныя гады падышлі да канца.

— І кім жа ты хочаш стаць, Іванка? — спытала маці ў сына.

— Хачу паступіць у дружыну нашую, — адказвае Іван. — Хачу быць не шараговым ратнікам, а кіроўным чалавекам. Спачатку — дзясятнікам, потым — сотнікам, а там, глядзіш, і да ваяводы даслужуся.

— Добра, сынок, хай будзе па-твойму! — пагадзілася Сінявокая.

…А быў у тым царстве Храм Ваеннай Навукі. Паступіць туды многія хацелі, ды не ўсіх прымалі. Але Іван ўсіх канкурэнтаў абышоў і ў той Храм на вучобу прыбыў. А для маці — новыя выдаткі. І выкладчыцкую працу аплаці, і кальчугу ды меч булатны купі, і будучага ваяводу накармі, спаць ўпакуй, і кішэнныя грошы яму дай.

Але ці доўга, ці коратка — гады вучобы праляцелі. Зрабіўся Ваня дзясятнікам. Цяпер маці яму пакой аплачваць пачала, жалаванне плаціць стала. Ну і авёс для каня багатырскага купляла, і сядло, і шчыт, і новы меч дзясятніку справілі…

— Ажаніцца хачу! — кажа Іван.

Вяселле згулялі, а ў маці — новыя клопаты: кватэру маладым пабудаваць трэба.

Але для свайго віцязя Сінявокай нічога не шкада: вазьмі, Ваня, грошы, каб маладой жонцы з табой у пакоі жыць можна было, а кватэру — пачакаць бы вам…

І тут Ваня не вытрымаў.

— Прыбіральніца больш, чым я, атрымлівае! — закрычаў ён у твар маці. — Не магу жыць паўнавартасным маладым жыццём! Грошай давай, а не то з дружыны пайду. А няма грошай — дружыну распускай!..

Замаркоцілася Сінявокая.

— Пачакай, сынок, — паспрабавала яна наставіць сына. — Паслужыш у дружыне яшчэ пяць гадоў, пакуль я новага Дзясятніка ў Храме Ваеннай Навукі вучыць буду. А пакуль — вазьмі грошы. Усё, што магу, для цябе зраблю.

Але Ваня слухаць нічога не хоча.

— Сыходжу! — зноў крычыць на маці. — Купцом зраблюся, заморскія тавары вазіць буду — і азалачуся…

Маўчыць Сінявокая. Што сказаць сыну, які маці кінуў?

Апошні кавалак хлеба

Я гэтую казку да таго расказаў, каб маладыя афіцэры, якія думаюць гэтак жа, як і Д., нарэшце ўразумелі: нельга крычаць на Радзіму — дай! Нельга шантажаваць краіну, якая цябе вучыла, выхоўвала, карміла, апранала, набывала для цябе зброю!

Уявім такую ​​сітуацыю. Вайна, год 1942-й або 1943. Дывізія рыхтуецца да бою. І раптам лейтэнанты і капітаны дакладваюць камдыву: таварыш генерал, мы ў атаку не пойдзем, таму што грашовае забеспячэнне ў нас невялікае.

Што б вы, чытач, зрабілі на месцы таго генерала? Правільна: здраднікаў — пад трыбунал, а потым у штрафную частку.

Ці іншы прыклад. У нашай рэспубліцы ў гады вайны з ворагам змагаліся сотні тысяч партызанаў. Цікава, колькі грошай ім плацілі за пушчаныя пад адхон эшалоны, за падбітыя танкі і збітыя самалёты?.. А я вам скажу, хто і чым плаціў! Каб зямля гарэла ў гітлераўцаў пад нагамі, каб фашысцкія цягнікі з боепрыпасамі не даходзілі да лініі фронту, маці, жонкі і сёстры беларускіх партызанаў аддавалі народным мсціўцам апошні кавалак хлеба, апошнюю бульбіну…

Цяпер, дзякуй Богу, вайны няма. І для таго, каб яе не было, Сінявокая робіць усё магчымае. Вучыць салдат і курсантаў, корміць іх, плаціць ім грошы. І, паверце, калі для войска спатрэбіцца той самы апошні кавалак хлеба, народ, як гэта было 70 гадоў таму, без ваганняў аддасць яго сваім абаронцам.

Даць аднаму — значыць забраць у іншага. Як вы, таварыш Д., будзеце глядзець у вочы сваім родным, калі іх заробкі і пенсіі «палягчэюць», а ваш кашалёк прыбавіць у вазе? Войска — арганічная частка народа, яго эліта. Як паказвае гістарычны вопыт, прагнасць, блізарукасць і ўсёдазволенасць могуць загубіць любую эліту. Былі, былі часы, калі высакароднае афіцэрства, разбэшчанае дурнымі грашыма, ператваралася ў подлае «афіцар’ё». І тады ўсё — канец войску, канец краіне…

* * *

Чалавек правяраецца ў цяжкую хвіліну. Хтосьці гэтую праверку вытрымлівае і робіцца мацнейшым, а сёй-той, скінуўшы маску, паказвае таварышам сваё сапраўдны аблічча.

І калі нам яшчэ працягваюць пісаць лісты з такімі скаргамі і парадамі распусціць войска, значыць… Значыць, вось такі сапраўдны твар у афіцэра Д.

Вельмі шкада, калі гэта так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?