Пры ўсёй бравадзе ўладам не зусім абыякава, што падумае Эўропа. Вось два штрыхі апошніх дзён.

Па-першае — воўк у лесе здох! — прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў запрасілі ўдзельнічаць у абмеркаваньні законапраекту, які закранае мэдыйныя пытаньні.

Гаворка ідзе пра нашумелы закон аб інфармацыі, які дасюль, аднак, заставаўся для журналісцкай супольнасьці рэччу ў сабе. Першае знаёмства адмыслоўцаў БАЖу з праектам паказвае, дарэчы, што засьцярогі прагрэсіўнае грамадзкасьці (у тым ліку і вашага пакорлівага слугі:) былі не такімі ўжо беспадстаўнымі.

Не пералічыць ранейшых марных зваротаў БАЖу да ўладаў у пытаньнях абароны права грамадзянаў на інфармацыю. Але, бач, кропля камень точыць. Асабліва калі на гэты камень адначасна пачынаюць ціснуць і з усходу, і з захаду.

Ну і другое: паводле зьвестак "БелПартызана", з Палаты цішком адклікалі таксама нашумелы праект аб апытаньнях грамадзкай думкі, які мог прыдушыць рэшткі незалежнай сацыялёгіі. І адсек бы ў прэсы магчымасьць карыстацца зьвесткамі сацыялягічных службаў, што не атрымалі акрэдытацыі ў адпаведнай камісіі. Супраць чаго таксама не аднойчы, прычым ня ўтойваючы прафэсійнай зацікаўленасьці, пратэставаў аўтар гэтых радкоў.

Зразумела, тут найперш спрацавалі значна болей магутныя чыньнікі, чым як кволыя пратэсты айчыннай грамадзкасьці. Але ж факт тое, што і нібыта марны лямант у пустэльні пры зьбегу акалічнасьцяў можа даць рэзананс.

Дэпутатка Вольга Абрамава мяркуе, што гэты праект у парлямэнт ужо ня вернецца. Прафэсар Манаеў, прайшоўшы праз усе церні, не такі аптымістычны.

Канешне, тут усё яшчэ могуць сто разоў адкруціць назад. Як ня факт і тое, што ў законе аб інфармацыі ўлічаць прапановы БАЖу. Але так ці іначай — прыпавесьць пра дзьвюх жабаў у сьмятане даводзіць сваю актуальнасьць. Варта, варта дрыгаць канцавінамі! :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?