Вялікдзень у Сітне называюць Паскай. «Паска сёлета 8‑га, і ў нас, і ў каталікоў адна». Кажуць быццам і сапраўды пра нейкую паску, у сэнсе невялікую стужку (і адразу згадваюцца «фенькі» на запясьцях нефармальнае моладзі ды бел‑чырвона‑белыя паскі на велікодных рызах сьвятароў). Дый значэньне ў сьвята тут адпаведнае — ці то рыска ў календары, ад якой адлічваецца выходная Радуніца, ці то стужачка, якой перавяжуць букет «коцікаў», каб аднойчы прынагодна асьвяціць на Вербніцу, а потым захоўваць усё жыцьцё ў шуфлядзе сэрванту ўперашмешку зь ніткамі, гузікамі ды коркамі ад дарагога каньяку.

Паска — гэта абавязковае абмеркаваньне, колькі «белай» і колькі «віна» назапашана да гулянкі; высьвятленьне, што гэта за прыкмета, калі ў такі дзень дождж, і штогадовы дзяжурны рогат наконт таго, хто й як зьбіраецца «красіць яйцы».

Нават у адказ на традыцыйнае «Хрыстос уваскрос!» у Сітне рызыкуеш атрымаць агаломшанае: «Га?!.» Маўляў, і праўда?..

П’янка, бойка ды 12 страваў на стале тут існуюць цалкам паралельна зьместу Вялікадня. Штосьці падобнае да тутэйшае Паскі можна назіраць у сучаснай Заходняй Эўропе на Раство. Шалёны спажывецкі бум напярэдадні, камэдыі па тэлеку ўсе апошнія дні посту, румяны Санта‑Клаўс ды шчырае недаўменьне: навошта да такога цудоўнага сьвята прымешваць рэлігію?

Корань праблемы — не ў чыноўных галовах, а ў народных сэрцах.

Як сказаў хтосьці з мудрых, «ніводзін зьмест няздольны супрацьстаяць форме, якая пагражае яго паглынуць».

Вось і на Дзень Волі ў Менску ўжо арганізоўваюць дзяржаўныя канцэрты «За независимую Беларусь!», і раптам аказваецца, што сьледам за праспэктам Скарыны, антыімпэрскай рыторыкай і беларускай літаратурай рэжым, бы ўдаў, ужо заглынае і 25 Сакавіка. Улада пасьлядоўна надае сваю форму незалежніцкаму зьместу. Сацыялістычныя лёзунгі й сымбалі ўжо асвоеныя; лібэральныя дэклярацыі й «пераход на рынкавыя прынцыпы» нават з Расеяй — у наяўнасьці; кансэрватызм у выглядзе «патриотизма», клопату пра сям’ю і вось цяпер расейскамоўнае «независимости» ажно буяе. А вось зьмест… І ў першым, і ў другім, і ў трэцім выпадку — унутры пуста. Фальшыўкі.

Апазыцыі, у якой забіраюць і праграмны «дабрабыт», і «сацыяльную справядлівасьць», і «дзяржаўную самастойнасьць», і ідэі рынку, застаецца толькі адно апірышча. Маральныя каштоўнасьці. Вера. Мова. Праўда.

У Сітне, вясновым велікодным Сітне востра разумееш: найболей Беларусі патрэбныя не выбітныя эканамічныя праграмы, ня новыя замежныя сябры і нават ня іншая канструкцыя ўлады. Патрэбны іншы зьмест. Корань праблемы — не ў чыноўных галовах, а ў народных сэрцах. І галоўная мяжа паміж РБ і Беларусьсю праходзіць ужо не па лініі «рынак/сацыялізм», «прэзыдэнцкая/парлямэнцкая рэспубліка», «Захад/Усход», а паміж хлусьнёй і праўдай, бязьвер’ем і верай, нянавісьцю й любоўю, расейскім матам і беларускай мовай і, урэшце, паміж д’яблам і Богам.

Вось чаму апазыцыя духу — адзіны шлях, які вядзе да перамогі. І вось чаму сёньняшняму дэмакратычнаму руху так патрэбныя беларускія патрыёты й беларускія вернікі.

Цяпер касьцяк такога духовага супраціву пачынае складвацца вакол руху Аляксандра Мілінкевіча.

Натуральна, што апазыцыя зьместу мусіць, як той казаў, адпавядаць. Быць еднай, адказнай і дысцыплінаванай. Выконваць сваё слова. Вырашаць праблемы без унутраных свараў. Размаўляць па‑беларуску. Жыць па‑Божаму. Верыць.

«Нешта небагата народу выйшла сёлета на 25 Сакавіка, — паскардзіўся ў размове адзін партыец. — А рэклямы ж было болей, чым летась!» Вядома, куды тыя дзясяткі тысячаў з плошчы Каліноўскага падзеліся, — цэлы год чакалі ад апазыцыі абяцаных дзеяньняў і з прыкрасьцю назіралі за працэсам міжсобных разборак.

Дык хопіць формы — пустых дэклярацыяў, урачыстых паседжаньняў і новых квяцістых упаковак усё тых жа хаўрусаў.

Час вяртацца да зьместу.

Якраз цяпер, у сэнсавай паўзе пасьля Дня Волі, момант ісьціны для апазыцыі надыходзіць зь неспадзяванай нагодай зь Вялікаднем, што сёлета якраз супадае ва ўсіх канфэсіяў. З найвялікшым беларускім сьвятам.

Вялікдзень — дзень Уваскрашэньня Хрыста.

Гэтаксама Вялікдзень — гэта дзень нараджэньня нашага сьцяга. Белая пахавальная палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса засталася чалавецтву 2000 гадоў таму і ўзьнімалася ў сэрцы Эўропы і Вялікім Княствам Літоўскім, і Беларускай Народнай Рэспублікай, і Беларускім Народным Фронтам як сьцяг пермогі Божай над злом. Знак трыюмфу Свабоды, Праўды й Справядлівасьці.

Хрыстос уваскрос!

Калі ў двух словах — у гэтым і ёсьць зьмест нацыянальнага абуджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?