На днях у маладэчанскай музычнай вучэльні імя М.К.Агінскага адбылася вечарына слыннага паэта Ніла Гілевіча. У запоўненай залі пераважала моладзь, таму свой выступ паэт прысьвяціў тэме каханьня ды маладосьці. Ніл Сымонавіч чытаў вершы са свайго новага чатырохтомніка.

Пасьля паэтычнай часткі вечарыны паэт шчыра адказаў на ўсе пытаньні, якія задавалі слухачы. Нехта пацікавіўся: «Ці было вам сорамна за які‑небудзь са сваіх вершаў?» Гілевіч, крыху падумаўшы, адказаў: «Цяпер мне няёмка толькі за адзін мой верш — напісаны на сьмерць Сталіна. Але не магу сказаць, што сорамна, бо я ня хлусіў, а на той час сапраўды так думаў, і не ўяўляў, што можна думаць іначай».

Напрыканцы жадаючыя змаглі набыць кнігі Гілевіча з аўтографам аўтара ды часопіс «Дзяслоў». Сустрэча маладэчанцаў зь вядомым беларускім паэтам адбылася зь ініцыятывы мясцовай паэткі Таісы Трафімавай.

Паліна Васілёва, Асамблея наўрадавых дэмакратычных арганізацый

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0