Кандыдатамі ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў, выбары якіх пройдуць 23 верасня, зарэгістраваны 362 чалавекі, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына вечарам 23 жніўня ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».

Усяго прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў дэпутаты на 110 выбарчых акруг вылучаліся 494 чалавекі.

Тыдзень таму Ярмошына ў гутарцы з журналістамі выказала меркаванне, што колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якім будзе адмоўлена ў рэгістрацыі, можа стаць даволі значнай. Такім чынам, у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты было адмоўлена кожнаму чацвёртаму прэтэндэнту.

У большасці акруг рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты адбылася 22 жніўня.

Рэкамендацыя правесці рэгістрацыю кандыдатаў у адзін дзень зыходзіла ад Цэнтрвыбаркама. Паводле слоў Ярмошынай, «зарэгістраваць усіх кандыдатаў адначасова неабходна, каб ніхто не гаварыў, што хтосьці быў у няроўных умовах для правядзення агітацыі». Падрабязнасці аб выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Ярмошына паведаміць на прэс-канферэнцыі 24 жніўня.

Ужо вядома, што кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны 35 з 48 прэтэндэнтаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 30 з 33 — Партыі БНФ. У

прыватнасці, этап рэгістрацыі паспяхова прайшлі лідары Партыі БНФ і АГП Аляксей Янукевіч і Анатоль Лябедзька, былыя дэпутаты парламента Валерый Фралоў і Уладзімір Навасяд, намеснікі старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксандр Стральцоў.
Не былі зарэгістраваны лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч, былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч і іншыя вядомыя апазіцыйныя палітыкі.

Праводзіць агітацыйную кампанію кандыдат у дэпутаты можа з дня рэгістрацыі. Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат мае права за бюджэтныя сродкі вырабіць агітацыйную друкаваную прадукцыю, выступіць па тэлебачанні і радыё, надрукаваць перадвыбарную праграму. У выпадку згоды некалькіх кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца па адной акрузе, арганізуюцца дэбаты. Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты могуць сфарміраваць свае асабістыя фінансавыя фонды, сродкі якіх можна будзе выкарыстоўваць на агітацыйную кампанію. Агітацыйная кампанія будзе доўжыцца па 22 верасня ўключна.

Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў — 23 верасня. Да гэтага на працягу пяці дзён будзе праходзіць датэрміновае галасаванне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?