Чавэс паабяцаў «самыя празрыстыя выбары ў свеце» і паведаміў, што прэзідэнтам Венесуэлы стане ён. Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка таксама паслядоўна называе беларускія выбары «самымі дэмакратычнымі ў свеце». Гэта пры тым, што галасы ў Беларусі лічаць ягоныя ж людзі, а выніковую лічбу падліку абвяшчае асабіста кіраўнік участковай выбарчай камісіі. Пры гэтым у парламенце засядаюць адны лукашэнкаўцы.

Выступаючы на перадвыбарным мітынгу ў горадзе Кумана,

Чавэс выказаў упэўненасць, што набярэ не менш за 70% галасоў.

«Гаворка ідзе не пра тое, хто выйграе, гэта ўжо вядома загадзя, гаворка ідзе пра тое, з якой розніцай у ліку галасоў выйграе Чавес. Гэта будзе накаўт, 70%, гэта значыць 10 млн галасоў «, — заявіў прэзідэнт Венесуэлы.

Афіцыйны вынік усіх беларускіх выбараў і рэферэндумаў таксама заўжды вагаецца між 75 і 80% галасоў, нягледзячы на палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне. Паліттэхнолагі дыктатараў лічаць, што пры такой лічбе палітычныя праціўнікі пачынаюць адчуваць сябе растаптанай меншасцю.

На папярэдніх выбарах малады і здаровы Чавэс набіраў каля 60% галасоў, а адзін з рэферэндумаў, пра канцэнтрацыю паўнамоўцтваў, нават прайграў.
Самыя папулярныя кіраўнікі дэмакратычных краін — такімі былі Рэйган, Коль, Тэтчэр, цяпер Абама — перамагаюць, набіраючы 53–60% галасоў.

Чавэс вядзе сваю кампанію, распальваючы пачуцце суперніцтва з багатымі, малюючы свайго праціўніка кандыдатам ад багатыроў.

На мінулым тыдні, выступаючы на чарговым выбарчым мітынгу, Чавес заявіў, што яго перамога выгадная нават заможным грамадзянам.

«Мая перамога гарантуе нават багатым, што яны могуць працягваць жыць спакойна.
Перамога прадстаўніка буйной буржуазіі азначала б дэстабілізацыю краіны, а гэта нявыгадна багатым, якія любяць спакойнае жыццё. Што будзе, калі буржуазія возьме верх 7 кастрычніка? Краіну ахопіць віхор, сапраўдны віхор», — заявіў прэзідэнт Венесуэлы.
Выбары прэзідэнта Венесуэлы пройдуць 7 кастрычніка.
Чавэс двойчы хварэў на анкалогію, апошні раз у пачатку гэтага года, але абвясціў, што цалкам выздаравеў.

Венесуэльскія палітолагі лічаць, што Чавэс аказвае шчодрую падтрымку Беларусі, бо ўзамен Аляксандр Лукашэнка дзеліцца з ім вопытам па ўтрыманні ўлады.

Лукашэнка кіруе Беларуссю 18 гадоў. Даўжэй у Еўразіі трымаюцца толькі аўтарытарныя кіраўнікі або дынастыі Узбекістана, Казахстана, Азербайджана, Карэі, Сірыі, Саудаўскай Аравіі ды іншых манархій.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?