Агульная колькасць сірыйцаў, уцекачоў ад грамадзянскай вайны ў суседнія краіны, перавысіла 200 000 чалавек, паведамляе агенцтва ААН па справах бежанцаў.
Паводле спецыялістаў, гэтая лічба ўжо істотна перавышае прагнозы, дадзеныя на канец года.
Больш за ўсіх уцекачоў з Сірыі прымае Турцыя -- каля траціны ад агульнай колькасці. Дзясяткі тысяч людзей збеглі ў Ліван, Іарданію і Ірак. Таксама адзначаецца, што толькі за апошні тыдзень з краіны ўцяклі каля 30 тысяч сірыйцаў.
Па дадзеных ААН, яшчэ каля паўтары мільёна грамадзян Сірыі перамясціліся з небяспечных раёнаў краіны ў менш небяспечныя.
Сутыкненні паміж урадавымі войскамі і апазіцыяй доўжацца ўжо больш за год.