Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч дапусціў магчымасць адмовы ад курсу на еўраінтэграцыю. Хоць гэты курс застаецца прыярытэтным для Украіны, Кіеў не будзе прымаць любыя ўмовы для збліжэння з Еўрасаюзам, заявіў Януковіч на святкаванні Дня незалежнасці, спасылаючыся, відавочна, на ціск Брусэля ў справе асуджанага экс-прэм’ера Юліі Цімашэнка. Эксперты разыходзяцца ў ацэнцы заявы кіраўніка дзяржавы. Супрацоўніцтва з краінамі ЕС не можа ажыццяўляцца без наяўнасці пэўных спрыяльных умоваў, заявіў Януковіч, выступаючы ў пятніцу на ўрачыстасцях з нагоды ўкраінскага Дня незалежнасці.

«У замежнапалітычнай плоскасці мы застаемся вернымі еўрапейскаму выбару, мы ўпэўнена пракладаем дарогу развіцця сучаснай еўрапейскай дзяржавы, — сказаў Януковіч. — Аднак інтэграцыя любой цаной — за кошт страты незалежнасці, эканамічных ці тэрытарыяльных саступак, за кошт дазволу ўмешвацца ва ўнутраныя справы — такую дарогу мы ніколі не ўспрымалі і не прымем. Свабода і незалежнасць — гэта самая галоўная ўмова поспеху і росквіту Украіны».

Еўрапейская інтэграцыя заставалася адной з галоўных тэмаў палітычнага парадку, зададзенай Януковічам пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. У гэтым ён працягваў палітыку свайго папярэдніка і палітычнага апанента Віктара Юшчанкі, адкрытага заходніка і галоўнага абаронцы курсу на еўраінтэграцыю. Без звароту да тэмы збліжэння з Еўрапейскім саюзам ён не мог бы разлічваць на галасы цэнтрысцкіх выбаршчыкаў, якія стаміліся ад хаатычнага кіравання Юшчанкі, але ўсё ж разлічваюць рана ці позна ўбачыць сваю краіну ў Еўропе, казалі тады эксперты. Гэтак жа давялося тры гады таму зрабіць і малдаўскім камуністам, якія перад выбарамі 2009 года таксама абвясцілі курс на еўраінтэграцыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?