«Не можаце знайсці працу? Вам няма дзе жыць? Тады вас чакае наш аграгарадок!» Такой рэкламы пакуль няма на тэлебачанні, і гэта здаецца дзіўным. Беларусаў, якія не змаглі працаўладкавацца ў гарадах, з трыбун ужо даўно заклікаюць складаць пажыткі і браць курс на сяло. Што чакае там смельчакоў? Карэспандэнты Onliner.by пабывалі ў адным з найлепшых аграгарадкоў краіны і паспрабавалі знайсці адказ на гэтае пытанне.

Капыльскі раён, 120 кіламетраў ад Мінска. У цэнтры аграгарадка лунае чырвоны сцяг. Ён узняты ў гонар трактарыста Бярновіча, які ў пагодлівы жнівеньскі дзень на МТЗ-1221 згроб 45 га зялёнай масы, выканаўшы заданне на 187,5%.

Не, мы не прыдумалі машыну часу. Мы не ў савецкай Беларусі, а ў сучаснай — у былым мястэчку Цімкавічы, якое з 2007 года мае статус аграгарадка. Не тое каб зусім ідэальнага, але ўзорна-прагрэсіўнага і вядомага на ўсю краіну.

У Цімкавічаў даўняя гісторыя: мястэчка належала Алелькавічам, Хадкевічам, Сапегам, Радзівілам, было рамесным цэнтрам і сталіцай кірмашоў, тут жыў Кузьма Чорны, у гонар якога адкрылі музей. Гэта ўсё праўда, але было даўно. У сучасныя беларускія тэлехронікі Цімкавічы трапілі ў красавіку 2007-га. Пяць гадоў таму тут пабываў прэзідэнт Лукашэнка.

«Затым прэзідэнт наведаў аграгарадок „Цімкавічы“, — пісала тады „Народная газета“. — Унікальнасць яго ў тым, што да вёскі быў прыбудаваны сучасны пасёлак з 41 дома. Гэта своеасаблівы еўрапейскі куток, дзе яркія, кідкія дамы выглядаюць як на малюнку».

І далей: «Калісьці быў папулярным лозунг пра спробы сцерці сацыяльныя грані паміж горадам і вёскай. У Цімкавічах гэта ўжо рэальнасць. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў зробленае тут. „Гэты досвед трэба распаўсюдзіць па ўсёй краіне. Трэба „не бурыць усё дашчэнту, а затым“, а арганічна старое дапаўняць новым“. У той жа час прэзідэнт адзначыў, што наяўнасць такога камфартабельнага жылля дае магчымасць кіраўніку праводзіць больш эфектыўную кадравую палітыку».

Калі прэзідэнт паехаў, гэтыя словы доўга ўспаміналі мясцовыя «шчаслівыя кадры»… Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Аграгарадок — не проста чарада рознакаляровых дамоў. Фармальна гэта якасна новы тып сельскіх пасёлкаў. Добраўпарадкаваны населены пункт, у якім створаная вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забяспечання сацыяльных стандартаў. Можна сказаць, што «аграгарадкаманія» — цэлая ідэалогія цяперашняй улады, з дапамогай якой доўгі час дзяржава выбудоўвала сваю палітыку на вёсцы, уліваючы ў будаўніцтва мільярды рублёў. У Цімкавічах добра відаць, да чаго гэта прывяло.

На адной з цэнтральных вуліц, каля найбуйнейшай тут крамы, сядзяць на ганку мужыкі. «Сфатаграфуйце мяне, я ганаровы жыхар нашага мястэчка», — жартуе адзін з іх, Пётр. Ён пенсіянер, рабіць няма чаго, піць не забараняецца. «На выпіць пенсіі хапае», — кажа мужык.

Прадаўшчыца ў краме сумна глядзіць на прылавак з пладова-ягадным: «П’юць — і калі вёска была, і калі аграгарадок. Нічога не змянілася».

У краме досыць тавараў. Добры выбар. Крам некалькі. За сацстандарты ў галіне гандлю можна не саромецца — выкананыя на выдатна.

У Цімкавічах ёсць бальніца, школа на 260 вучняў.

«50% выпускнікоў паступілі ў ВНУ і ССНУ. У БНТУ, медыцынскі, педагагічны трапілі, — ганарыцца дырэктар. — Вялікая частка педагогаў — мясцовыя. Выпускнікі нашай жа школы вяртаюцца. Спачатку глядзяць на гарадское жыццё, а потым думаюць, што трэба было б і жыллё атрымаць. Едуць назад».

«2 млн рублёў малады спецыяліст атрымае?» — цікавімся мы.

«Ды не, вы што. Настаўнік з вышэйшай катэгорыяй да 3 млн не дацягвае», — адказвае дырэктар.

У школе былі бацькі дзяцей, мы гаварылі з імі пра тое, што каровы павінныя жыць у палацах, а кожны беларус — атрымліваць па $500.

Едзем па Цімкавічах: старыя хаты і раптам — цуд. Быццам нехта разарваў на лахманы вясёлку і кінуў на зямлю. Дзясяткі рознакаляровых, чырвоных, зялёных і сініх дамоў фармуюць стракаты квартал. Той самы прыпынак «Аграгарадок» — вузлавы пункт на дарозе ў светлую беларускую будучыню.

У пацверджанне, што мы зусім не перабольшваем, яшчэ адна цытата.

«Эталонам сучаснай сельскай забудовы ў рэгіёне па праве лічыцца аграгарадок Цімкавічы, размешчаны за дзесяць кіламетраў ад Капыля, — пісаў у свой час часопіс „Архітэктура і будаўніцтва“. — На сённяшні дзень гэта самы буйны аб’ект сельскага жыллёвага будаўніцтва ў рэспубліцы. Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў падыходы, выкарыстаныя падчас стварэння аграгарадка. Паводле яго словаў, досвед ААТ „Салігорскпрамбуд“ неабходна шырэй распаўсюджваць у краіне».

І яшчэ: «Новае жыллё вельмі падабаецца вяскоўцам, і мясцовыя маладыя, якія працуюць у гаспадарцы, і маладыя спецыялісты, што пачалі тут працоўны шлях або пераехалі з іншых месцаў, задаволеныя. Што казаць, жыць у вясковай хаце як у гарадской кватэры, дзе не трэба турбавацца пра цяпло, дзе пад рукой заўсёды не толькі халодная, але і гарачая вада, і ванная, і нават туалет, не кажучы пра тэлефон, — адчуванні для большасці сельскіх працаўнікоў невымоўныя. Многія гады, даўжынёю не ў адно чалавечае жыццё, яны былі пазбаўленыя таго, што для гараджан даўно з’яўляецца нормай».

Прыгожыя словы! Шпацыруем па квартале, шукаем людзей, каб спытаць, як ім жывецца ў тутэйшым раі. Няма нікога — працуюць. У рэжыме сігналізацыі перагаворваюцца дваровыя сабакі. Сонца гуляе на рознакаляровых комінах. А вось і жывая душа. Адкрыўшы капот свайго старэнькага аўто, калупаецца ў рухавіку мясцовы жыхар Валодзя.

«Я сюды прыехаў два гады таму з Навагрудка разам з жонкай і дзецьмі, — кажа ён. — У першую чаргу таму, што давалі жыллё. Працую зваршчыкам у ААТ „Капыльскае“. Заробак — 2,5 млн у месяц. Хтосьці больш атрымлівае, хтосьці менш. Сярэдняя ў мяне зарплата».

Пра якасць будаўніцтва Валодзя кажа коратка, але з мноствам нецэнзурных словаў: «Пахадзіце, паглядзіце самі. Тынкоўка адвальваецца. Расколіны па многіх дамах пайшлі. Я вось цалкам ганак перарабіў, ён рассыпаўся…»

Яго сусед Сяргей — старэйшы, у размаляваным доме жыве ўжо 5 гадоў. У яго, як кажуць, «намуляла»: «Які нармальны гаспадар будуе дом праз задняе, прабачце, месца? Наш пабудавалі так, што цэнтральны ўваход, з вуліцы, вядзе ў веранду, у прылазнік, а толькі потым — у хату. Давялося класці дарожку да ўваходу з другога боку, гэта доўга не ўзгаднялі. Далей. Дах цёк па першым часе. Уцяпляльніка наверсе няма. Газ сыходзіў… пераварыў, пусціў па хаце. Трубы, якія пад падлогай, павінныя быць ізаляваныя. Нічога няма, нуль. Ніводнай форткі адкрыць адразу не мог! Яны толькі з вуліцы адчыняліся. Дзверы рассохліся, давялося замяніць…»

«Я вам скажу, што тут прапітае ўсё, што можна, у гэтых хатках! Калі б мне далі гэтыя грошы, нават менш, я б лепш пабудаваў усё сам», — катэгарычна кажа Сяргей.

А ўзводзіла ж аграгарадок прадпрыемства — «Салігорскпрамбуд» (цяпер славуты «Будтрэст № 3»). Але якасць, на жаль, аказалася не на ўзроўні.

«Што зараблю, тое пускаю паціху ў рамонт, — працягвае суразмоўца. — А адкуль тут узяць грошы? Вось вырашыў аформіць ІП, паспрабаваць сябе ў грузаперавозках. Трэба працаваць на сябе, каб дзеці з голаду не памерлі».

Дзяцей у яго трое, жонка ў дэкрэце. У калгас яна ўладкоўвалася цялятніцай, каб выдалі службовае жыллё. Цяпер сям’я збірае дакументы, каб дом выкупіць. Трэба 151 млн. У банку даюць ільготны крэдыт…

Дамы выкупляюць практычна ўсе жыхары аграгарадка. Звязваць сябе жалезнымі ніткамі з гаспадаркай, хай пакуль і моцнай, людзі не хочуць. Занадта вялікая рызыка: калі ААТ загнецца, калі будуць скарачэнні, можна ў адзін момант пазбавіцца жылля. А тады наперадзе — толькі галеча.

Зрэшты, не будзем згушчаць фарбы. У Цімкавічах шмат моладзі. Адны працуюць у «Капыльскім», іншыя — у аўтапарку, на прадпрыемстве па перапрацоўцы алею, на чыгунцы, у лагістычным цэнтры, у «прыватнікаў». Нядаўна на базе завода жалезабетонных канструкцый адкрылі сумесную беларуска-італьянскую вытворчасць. Тут можна зарабіць ад 4 да 7 млн. Зусім нядрэнна для Мінскай вобласці.

І катэджы ёсць прыстойныя, і «джыпы» па вуліцах ездзяць. Шкада толькі, не ўдалося даведацца, як дапамагаюць маладым спецыялістам. Такі быў у калгасе, але без візы дырэктара з ім размаўляць не дазволілі. Дырэктар быў па-за зонай доступу.

«Сёння ў Цімкавічах 1289 жыхароў, большасць эканамічна актыўныя, беспрацоўя няма, — сказалі ў сельскім выканкаме. — Жывем нармальна, у культурнай сферы, вядома, ёсць праблемы, але мы стараемся праводзіць для моладзі канцэрты ў клубе, ладзіць нейкую самадзейнасць».

У музей Кузьмы Чорнага часам нават прыязджаюць турысты. Экскурсія на дваіх каштуе 22 тыс. рублёў.

Але каларыту, гісторыі, якая і фармуе дух любога паселішча, у Цімкавічах не хапае. Гэты населены пункт, як і іншыя тыповыя беларускія паселішчы, індывідуальнасці пазбаўлены. Трансфармацыю ўтульных мястэчак у безаблічныя аграгарадкі, здалося нам, наўрад ці ацэняць нашчадкі.

У мясцовых жыхароў мы пыталіся: засталіся б вы жыць у аграгарадку, калі б можна было пераехаць, да прыкладу, у суседні райцэнтр, а то і ў Мінск? Людзі глядзелі на нас як на сталічных іншапланетнікаў.

«Мы тут таму, што ёсць жыллё і плацяць грошы, — адказвалі яны. — Што можа быць важней? Як-небудзь пражывем».

І няхай эканамічны цуд «аблезлы», няхай з катэджаў абсыпалася тынкоўка, аграгарадок як прадукт гісторыі і сацыяльнае дасягненне сучаснай беларускай мадэлі ўсё яшчэ трымаецца на плыву. Мала таго: у Цімкавічах, сказалі чыноўнікі, хочуць пабудаваць яшчэ сотню рознакаляровых, як вясёлка, дамоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?