Беларускую дэлегацыю на саміце Руху недалучэння ў Тэгеране ўзначаліць новы міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прызначаны на гэтую пасаду 20 жніўня.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, асноўная частка XVI саміта дзяржаў — удзельніц Руху недалучэння пройдзе 30–31 жніўня. «Асноўнай мэтай мерапрыемства стане абмеркаванне найбольш актуальных міжнародных праблем і прыняцце выніковага дакумента форуму, — адзначаецца ў паведамленні. — У праект выніковага дакумента сустрэчы плануецца ўключэнне шэрагу прапаноў Беларусі, заснаваных на прыярытэтных задачах беларускай дэлегацыі ў ААН (аб прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця, аб стварэнні глабальных партнёрстваў, аб умацаванні ўзаемадзеяння РН з сусветнымі цэнтрамі сілы, аб барацьбе з гандлем людзьмі, аб ініцыятыве аб моладзі, аб краінах з сярэднім узроўнем даходу, аб стварэнні глабальнага механізму перадачы тэхналогій новых і аднаўляемых крыніц энергіі)».

Макей выступіць на пленарным пасяджэнні саміта і правядзе сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу дэлегацый «у мэтах абмеркавання актуальных для Беларусі пытанняў двухбаковых адносін».

Мерапрыемствы ў рамках саміта пачаліся ў Тэгеране (Іран) 26 жніўня. У панядзелак і аўторак тут праходзяць нарады на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, затым пачнуцца сустрэчы на высокім узроўні. Як паведамляюць замежныя СМІ, чакаецца, што ў Іран з’едуцца больш чым 50 прэзідэнтаў, манархаў і прэм’ер-міністраў.

На папярэднім саміце Руху недалучэння, які праходзіў у ліпені 2009 года ў Егіпце, Беларусь таксама прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

На сёлетні саміт прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад запрашаў прыехаць Аляксандра Лукашэнку.

Лукашэнка ўдзельнічаў у працы Гаванскага саміта Руху недалучэння ў верасні 2006 года. Тады ён заклікаў недалучаныя краіны ўзмацніць эканамічную і палітычную складаючыя руху, перабудаваць яго арганізацыйную структуру з улікам прынцыпаў ААН і выпрацаваць выразную праграму дзеянняў па фарміраванні шматпалярнага свету.

Рух недалучэння сфарміраваўся ў другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў з ліку краін, што выйшлі са складу еўрапейскіх каланіяльных імперый, але не жадалі прымыкаць да ваенна-палітычных саюзаў, якія ўзначальваліся СССР і ЗША. Цяпер рух — гэта нефармальнае аб’яднанне дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 118 краін.

Беларусь стала праяўляць цікавасць да гэтай арганізацыі ў другой палове 1990-х гадоў. У той час удзел у руху разглядаўся ў якасці своеасаблівай знешнепалітычнай альтэрнатывы супрацоўніцтву з дзяржавамі Захаду, адносіны з якімі сур’ёзна сапсаваліся ў 1996 годзе. У верасні 1997 года Беларусь атрымала статус назіральніка ў Руху недалучэння, а праз год, у верасні 1998-га, на саміце ў Дурбане (ПАР) стала яго паўнапраўным удзельнікам. У 2004 годзе, пасля далучэння Мальты і Кіпра да Еўрасаюза, Беларусь засталася адзіным удзельнікам Руху недалучэння ў Еўропе.

Сам Аляксандр Лукашэнка акурат у часе саміта сустрэнецца ў Мінску з Ільхамам Аліевым, прэзідэнтам Азербайджана, краіны, якая маеі вельмі нацягнутыя адносіны з Іранам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?