Пасол Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка сустрэўся з лідарамі грамадскіх аб’яднанняў «Айкол Ала-Тоа» і «Мекен шэітэры», што праводзяць мітынг каля будынка беларускага пасольства ў Бішкеку, і намеснікам міністра замежных спраў Кыргызстана Аскарам Бешымавым, які прыбыў на месца падзей.

Як паведамляе інфармагенцтва www.24.kg са спасылкай на сустаршыню «Мекен шэітэры» Арстанбека Сагындыкава, падчас сустрэчы Дзенісенка заявіў, што пасольства Беларусі цесна супрацоўнічае з МЗС Кыргызстана. «Было абяцана, што цяпер кожныя тры дні дыпламаты будуць сустракацца з Аскарам Бешымавым і праз яго паведамляць, на якой стадыі знаходзіцца вырашэнне справы па экстрадыцыі Бакіевых. Мы вырашылі ім даць час, усё роўна за адзін дзень Бакіевых не змогуць прывезці. Мітынгоўцы разыходзяцца», — расказаў грамадскі актывіст.

Трэба адзначыць, што чатыры дні таму пасол Беларусі ўжо сустракаўся з членамі «Айкол Ала-Тоа» і «Мекен шэітэры», якія мітынгавалі каля будынка пасольства. Тады Дзенісенка абверг інфармацыю аб знаходжанні Жаныбека Бакіева ў Беларусі.

«Ён запэўніваў нас, што фотаздымкі, распаўсюджаныя ў інтэрнэце, не больш як фоташоп», — сказаў журналістам Сагындыкаў.

Сёння, паводле яго слоў, да пратэстантаў на працягу трох гадзін ніхто не выходзіў. «Мітынгоўцы, раззлаваўшыся, закідалі камянямі будынак: разбілі шыбы будынка пасольства», — растлумачыў грамадскі актывіст учынкі ўдзельнікаў акцыі.

Як паведамлялася раней, раніцай 28 жніўня на пасольства Беларусі ў Бішкеку напад учынілі сваякі ахвяр дзяржаўнага перавароту 2010 года, якія патрабуюць экстрадыцыі з Мінска скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека. Бакіевы абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх крымінальных злачынстваў. Удзельнікі акцыі патрабуюць спынення працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў». Мітынгоўцы патрабуюць, каб да іх выйшаў пасол.

Сёння ж раніцай у беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Кыргызстана.

«Ён катэгарычна папярэджаны аб недапушчальнасці правакацыйных дзеянняў, якія ставяць пад пагрозу дзейнасць дыпламатычнага прадстаўніцтва і яго супрацоўнікаў. Беларускі бок запатрабаваў забяспечыць надзейную ахову пасольства», — паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

    24 жніўня Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодай для дыпламатычнага канфлікту сталі выкладзеныя ў інтэрнэт фатаграфіі брата экс-прэзідэнта Жаныбека Бакіева, які адшукваецца Інтэрполам. Ён быў сфатаграфаваны каля ўваходу ў кафэ «Грунвальд» у цэнтры Мінска. МЗС Кыргызстана ўручыла вербальную ноту паслу Беларусі ў Бішкеку, у якой выказала здзіўленне і заклапочанасць у сувязі з публікацыямі ў СМІ фатаграфій Жаныбека Бакіева, былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы рэспублікі, што пацвярджаюць яго знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.
    МЗС Кыргызстана нагадала беларускаму боку, што Бакіеў знаходзіцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку па лініі Інтэрпола, паводле абвінавачвання ў асабліва цяжкіх злачынствах. Кіргізскі бок спадзяецца, што афіцыйны Мінск «прыме ўсе вычарпальныя меры па неадкладным затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку ў межах дзейных міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца як Кыргызстан, так і Беларусь», заявіў 27 жніўня ў Мінску прадстаўнік кіргізскага пасольства.
    У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, што складаецца з лідараў апазіцыйных партый. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, амаль тысячу атрымалі раненні. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныбек, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаны ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаны ў міжнародны вышук. Акрамя таго, Жаныбек Бакіеў абвінавачаны ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава.
    Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Новыя ўлады Кыргызстана неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай выдаць Бакіева, але атрымлівалі адмову. Паводле меркавання беларускага боку, прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?