Аргкамітэт па стварэнні маладзёжнай арганізацыі «Малады Фронт» бліжэйшым тыднем‑двума падасць у Міністэрства юстыцыі дакументы на рэгістрацыю. Гэта будзе ўжо чацвёртая спроба маладзёжнай арганізацыі, якая не спыняла сваёй дзейнасці пасля ліквідацыі, зарэгістравацца і дзейнічаць у межах заканадаўства.
Дасюль аргкамітэт ужо тройчы — пасля ліквідацыі — падаваў дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю, аднак атрымліваў толькі адмову. Цяпер, пасля крымінальнай справы супраць пяцярых маладафронтаўцаў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, актывісты структуры спрабуюць яшчэ раз стаць законнай арганізацыяй.