Міраслаў Дэмбіньскі, рэжысэр вядомага дакумэнтальнага фільму «Урок беларускай мовы» завяршае працу над чарговым фільмам. Стужка будзе мець назву «Музычная партызанка» й распавядзе пра пратэст беларускіх музыкаў супраць палітычнай сытуацыі ў краіне.
Здымкі «Музычнай партызанкі» Дэмбіньскі рабіў з траўня 2005 г. да сакавіка 2006 году. Увесь гэты час рэжысэр правёў зь беларускімі рок‑музыкамі, у прыватнасьці гуртамі «Сьцяна» й «Тарпач». Дарэчы галоўным героем фільму будзе салістка «Тарпача» Сьвятлана Сугака, якая падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў правяла 10 сутак у турме.
Ужо восеньню фільм будзе падрыхтаваны для прагляду. У першую чаргу яго пакажа Польская тэлевізія, якая зьяўляецца адным са спонсараў стужкі, пазьней ён будзе трансмітаваны на тэлебечаньні ў Летуве, Латвіі, Эстоніі, Харватыі й Грэцыі.