Гісторыя зь пятнаццацьцю брытанскімі марпехамі, захопленымі ў палон іранскімі памежнікамі ў Пэрсідзкай затоцы, скончылася на зьдзіўленьне хутка і даволі нечакана. Прэзыдэнт Ірану Мухамэд Ахмадынэджад зрабіў, як ён сам сказаў, велікодны падарунак Англіі, вызваліўшы маракоў з палону. 14 маракоў і адна марачка — Фэй Тэрні вярнуліся дамоў, дзе змаглі пабачыцца са сваімі сем’ямі, якія былі гэтым фактам безьмежна ўзрадаваныя.

Уся Англія і нават, без перабольшваньня, увесь сьвет уздыхнулі з палёгкай. Вайна, заплянаваная расейскім генштабам і яго начальнікам Балуеўскім на раніцу 6 красавіка не адбылася. Спадзевы расейскіх палітстратэгаў на тое, што цэны на нафту ў выніку ўзброенага канфлікту ўздымуцца да завоблачных вышыняў, а Злучаныя Штаты ўцягнуцца ў чарговую непапулярную вайну, ня спраўдзіліся. Праўда, з Іранам у Расеі здарылася новая непрыемнасьць — іранскі генэрал, унесены рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН у сьпіс невыязных, правёў перамовы ў Маскве ды яшчэ потым публічна пра гэта паведаміў.

Спадзевы Расеі, што ЗША ўцягнуцца ў чарговую вайну, а цэны на нафту ўздымуцца да завоблачных вышыняў, ня спраўдзіліся.

Але гаворка цяпер не пра стратэгію Крамля. І не пра Тоні Блэра. І не пра Ахмадынэджада, які выглядаў з гледзішча іранцаў як сапраўдны герой — ён і Брытанію зь яе флотам паставіў на месца, і сілавога разьвіцьця падзеяў не дапусьціў, дый павёў сябе як гуманны чалавек, асабіста падараваўшы палонным ангельцам сувэніры й слодычы на разьвітаньне.

Гаворка пра тых самых брытанскіх марпехаў — сымпатычных прыгожых хлопцаў. А калі дакладней — пра тое, чаго чакалі ад іх мэдыі і чаго яны ад іх хочуць цяпер.

Калі гаварыць яшчэ больш дакладна, размова тычыцца, найперш, расейскамоўных СМІ (у тым ліку, і беларускіх, зразумела). Бо відэакадры з марпехамі ля марской мапы, якія прызнавалі «факт перасячэньня» іранскай мяжы, зь лістамі Фэй Тэрні, дзе яна ўхваляе дзеяньні іранскага кіраўніцтва, з адпачынкам маракоў за шахматамі і тэлевізарам — гэтыя іранскія кадры круцілі па ўсіх галоўных інфармацыйных каналах бясконцую колькасьць разоў. І цана гэтым «прызнаньням» была адразу ўсім зразумелая. Прэс‑канфэрэнцыя дэсантнікаў па вяртаньні на радзіму, падчас якой яны распавялі пра псыхалягічны ціск і пагрозы з боку іранцаў толькі пацьвердзіла здагадкі брытанскіх палітыкаў, журналістаў і звычайных падданых яе вялікасьці.

Але самы распаўсюджаны матыў расейскамоўных камэнтароў — непрыхаваная іронія, нават сарказм.

Маўляў — знайшлі герояў. Як жа яны так па‑дурному праваронілі іранскіх памежнікаў? Чаму так лёгка здаліся ў палон? Чаму прамаўлялі тое, што ад іх хацелі іранцы? Псыхалягічны ціск — так. Але ж не катаваньні. Нікога не не забілі, нават не зьбівалі.

Трэба прызнаць, што дазвол брытанскага міністэрства абароны пятнаццаці марпехам прадаваць свае расказы пра палон брытанскім выданьням за немалыя грошы (Тэрні ўжо атрымала за свой успамін у http://www.thesun.co.uk/article/0,,2007160267,00.html The Sun 100 тысяч фунтаў) дае падставу для крытыкі. Жаўнеры, якія былі параненыя ў Іраку і Аўганістане, альбо сваякі загіблых такіх грошай не атрымлівалі. Магчыма, ангельскае міністэрства абароны такім чынам хацела, так бы мовіць, адкупіцца за правал, у выніку якога маракі трапілі ў палон амаль на два тыдні, кампэнсаваць іх маральныя страты. Хоць надалей марпехам забаранілі даваць інтэрвію за грошы.

Але ёсьць ва ўсім гэтым другі бок справы, які ня мае ніякага дачыненьня да брытанскага войска й флёту. А мае ён дачыненьне да савецкага войска, савецкіх нораваў і цяперашніх расейскіх імпэрскіх комплексаў. Пры Сталіне мільёны людзей, якія патрапілі ў палон да гітлерцаў, былі аўтаматычна залічаныя ў здраднікі радзімы. Тым, каму ўдалося зьбегчы зь нямецкага палону, нярэдка чакаў савецкі лягер, а то і расстрэл.

Ды што казаць пра палонных другой сусьветнай вайны, калі ў наш час у Расеі амаль штодня сканчаюць жыцьцё самагубствам з‑за дзедаўшчыны, трапляюць пад кулі саслужыўцаў, тонуць у падлодках , гінуць у пажарах расейскія жаўнеры.

Жыцьцё чалавека, а тым больш чалавека ў вайсковай форме ніколі не каштавала й капейкі. Не каштуе, выглядае, й цяпер.

Так што іронію наконт брытанскіх марпехаў варта было б паберагчы для іншых выпадкаў. Напэўна, Фэй Тэрні, якую, паводле яе словаў, трымалі ў ізаляцыі ў маленькай камэры і час ад часу палохалі сьмерцю, маглі б пазайздросьціць удзельнікі акцыяў пратэсту ў Менску, у тым ліку дзяўчыны, якіх кідалі ў перапоўненыя камэры на Акрэсьціна. Але што зробіш — Фэй Тэрні вырасла й нарадзілася ў зусім іншай краіне, дзе жыцьцё чалавека, у тым ліку ягонае ўласнае жыцьцё застаюцца несумненнай каштоўнасьцю.

Сказаць, што яна і яе саслужыўцы кепска выконвалі свой вайсковы абавязак, не праявілі належнага гераізму, збаяліся, урэшце? У гэтым можа абвінавачваць толькі той, хто сам упэўнена можа сказаць — я ў палоне паводзіў бы сябе зусім інакш. Што ж, калі ўласнае меркаваньне, тым больш грамадзянская пазыцыя лічацца амаль злачынствам, сьмяяцца над баязьлівасьцю замежных жаўнераў — свайго роду сублімацыя.

Наўрад ці вайсковае кіраўніцтва Вялікай Брытаніі чакала нейкіх гераічных паводзінаў ад сваіх падначаленых, ці гэтага вымагала ад іх брытанская вайсковая дактрына. Справа ў тым, што брытанскае войска выконвае не ідэалягчныя, але чыста ваенныя задачы. У дадзеным выпадку брытанскія марпехі патрулявалі ірацкія воды, якія Іран лічыць сваёй тэрыторыяй з часу ірана‑ірацкай вайны. Класьці свае жыцьці за Ірак — ці не завялікае патрабаваньне да ангельцаў.

І акрамя таго, брытанскае войска — гэта ня нейкая замкнёная каста. Служыць у ім гэтак сама ганарова, як займацца любой іншай прафесіяй. У вайскоўцаў ёсьць тыя ж правы, што і ў мірных людзей. Менавіта таму ў брытанскім войску служаць жанчыны, і гэта не разглядаецца як нешта ненармальнае.

Паводзіны брытанцаў у іранскім палоне былі нармальнымі. Ненармальна, калі пасьля сьмерці 11 беларускіх лётчыкаў праводзіцца шоў у аэрапорце.

Ненармальнай выглядае зусім іншая сітуацыя. Цяжка ўявіць сабе эўрапейскую дэмакратычную краіну, якая дзе‑небудзь у Афрыцы страціла свой транспартны самалёт разам з грамадзянскім экіпажам і гэта ня выклікала б ніякай рэакцыі. Ня тое, што адстаўкі адказных чыноўнікаў. Але нават тлумачэньняў на высокім узроўні. Замест гэтага — толькі найвышэйшае спачуваньне.

Ніхто ня ведае, чым была выкліканая неабходнасьць пасылаць у зону вайсковага канфлікту ў Самалі самалёты беларускай авіякампаніі. Таксама ніхто ня адкажа, ці сталі загіблыя беларускія авіятары апошнімі ахвярамі ў гэтай сапраўды чужой для Беларусі вайне.

2 красавіка ў Менску адбывалася пахаваньне лётчыкаў. Нічога падобнага беларуская сталіца даўно ня бачыла. Праводзіць загіблых у апошні шлях прыйшлі сотні людзей. Здавалася, у гэты дзень можна і трэба было адмяніць усе канцэрты, забаўляльныя перадачы. Лётчыкі заслугоўвалі такой пашаны. Сваякі загіблых зьвярталіся да чыноўнікаў з такой просьбай. Але ў той дзень, як вядома, адзначалася дзяржаўнае сьвята — Дзень яднаньня беларускага і расейскага народаў. Так што шоў павінна было працягвацца.

І гэта было па‑нашаму, па‑савецку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0