У БелНДІ горадабудаўніцтва адбылася абмеркаваньне альтэрнатыўнага праекту рэканструкцыі гістарычнай часткі Горадні, прадстаўленага гісторыка‑краязнаўчым таварыствам «Этна».

Мерапрыемства было прадстаўнічым — на ім прысутнічалі ўпаўнаважаныя прадстаўнікі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства культуры, галоўныя архітэктары Горадні і Гарадзенскай вобласьці, дырэктар інстытуту «Горадняграмадзянпраект», супрацоўнікі БелНДІ горадабудаўніцтва, якія рабілі Генэральны плян Горадні.

Са словаў куратара гарадзенскага альтэрнатыўнага праекту Андрэя Вашкевіча, іхны варыянт мае прыхільнікаў сярод менскіх спэцыялістаў. Тыя адзначаюць, што прапанаваны маладымі гарадзенцамі праект у большай ступені адпавядае Генпляну разьвіцьця Горадні, зацьверджанаму прэзыдэнтам у 2003 г., а таксама комплекснай схеме транспарту, зацьверджанай у 2005‑м.

У той самы час гарадзенскія чыноўнікі ўпарта стаяць на сваім. Паводле афіцыйных плянаў, ужо ў траўні маюць распачацца працы ў раёне вуліцаў Траецкай і Падгорнай, а таксама рэканструкцыя Старога мосту. На думку аўтараў альтэрнатыўнага праекту, гэта толькі замацуе транспартныя патокі ў цэнтры гораду і справакуе ад самага пачатку працаў штодзённыя дарожныя заторы. Якія, зрэшты, і цяпер ня рэдкасьць. Сп.Вашкевіч зазначае, што патрэбы ў рэканструкцыі мосту няма ніякай. На сёньня нагрузка на мост складае каля 3000 аўто ў гадзіну. Зь іх 80% рухаюцца праз цэнтар транзытам. Варта стварыць малое дарожнае кола, якое б дазволіла адвесьці з цэнтру асноўны паток транзытнага транспарту, і адразу стане відавочнай бессэнсоўнасьць гэтай рэканструкцыі, упэўнены гісторык. Навідавоку парушэньне этапнасьці рэканструкцыі цэнтру, якая была замацаваная ўказам А. Лукашэнкі ад 2003 г.

Ад жніўня мінулага году ў Горадні чакаюць выязную нараду Міністэрства культуры, на якую запрасілі і аўтараў неафіцыйнага праекту. Пытаньняў удзельнікі нарады маюць багата: што чакае Каложу, які будзе лёс старога кварталу ў раёне вуліцы Горкага, кім і ці будуць ладзіцца археалягічныя дасьледаваньні ў старым горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?