У Канцэпцыі энергетычнай бяспекі і павышэння энергетычнай незалежнасці Беларусі важным напрамкам з’яўляецца выкарыстанне нетрадыцыйных крыніц энергетычных рэсурсаў, паведаміў сёння на прэс‑канферэнцыі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, канцэпцыя знаходзіцца на заключнай стадыі разгляду. «У ёй будуць закладзены палажэнні, якія прадугледжваюць стварэнне адпаведных магутнасцей па вытворчасці танных энерганосьбітаў з нетрадыцыйных сыравінных рэсурсаў», — сказаў ён. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што адным з перспектыўных напрамкаў у галіне нетрадыцыйных крыніц энергіі з’яўляецца вытворчасць біяпаліва.

«Наша задача да 2015 года стварыць адпаведныя магутнасці для вытворчасці 400‑500 тыс.т біяпаліва ў год», — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН. Вытворчасць біяпаліва магчыма на аснове біяэтанолу. Беларусь мае прамысловую базу і шматгадовы вопыт вытворчасці этанолу па ферментатыўнай тэхналогіі. Прадпрыемствы рэспублікі выпускаюць этылавы гідролізны і сульфатны спірт. «Аднак цяпер айчынныя вытворцы маюць сур’ёзныя праблемы, звязаныя з цэнавай неканкурэнтаздольнасцю выпускаемай прадукцыі», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Укараненне энергазберагальных тэхналогій у якасці энергетычнага паліва дасць магчымасць знізіць сабекошт гідролізнага этанолу ў рэспубліцы больш як у два разы.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН, «магутнасці прадпрыемстваў гідролізнага профілю могуць стаць аб’ектам інвестыцый, якія дадуць магчымасць значна павялічыць вытворчасць этылавага спірту». Міхаіл Мясніковіч расказаў, што біяэтанол уяўляе сабой вадкае спіртавое паліва, пары якога больш цяжкія за паветра. Ён выпрацоўваецца з сельскагаспадарчых культур, якія змяшчаюць крухмал або цукар. Вырабляецца этанол пры дапамозе скарочанай дыстыляцыі. «Менавіта такі спірт, які ўтварае ўстойлівыя сумесі з бензінам, атрымаў шырокае распаўсюджанне ў замежных краінах як маторнае паліва», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Паводле ацэнак спецыялістаў, без сур’ёзнага ўмяшання ў канструкцыю рухавіка дабаўка этанолу ў бензін можа складаць да 10 працэнтаў.

Найбольш прымальным варыянтам для Беларусі з’яўляецца вытворчасць біяэтанолу з цукровых буракоў і рапсу. Пры выкарыстанні цукровых буракоў выхад этанолу на 1 т сыравіны ў 3,4‑4,1 раза меншы ў параўнанні са збожжавымі культурамі. Аднак у пераразліку на сыравіну, што атрымліваецца з гектара, паказчыкі па выхаду этанолу з буракоў значна перасягаюць паказчыкі для кукурузы, жыта і іншых збожжавых культур. «Улічваючы тое, што ў рэспубліцы штогод вырошчваецца каля 3,6 млн.т буракоў, а магутнасць чатырох існуючых цукровых камбінатаў па іх перапрацоўцы ў аптымальныя тэрміны (100 сутак) не перасягае 2,7 млн.т, дадатковы 1 млн.т недавыкарыстаных для атрымання цукру буракоў можа забяспечыць вытворчасць 104 тыс.т этанолу», — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?