Наша зямля на парозе глябальнае экалягічнае катастрофы, але зямляне яшчэ маюць час мабілізавацца і ўратавацца — справаздача Міжурадавай камісіі па справах зьмены клімату.

Яна побач. Мы ўжо адчуваем яе — падчас студзеньскай адлігі ды ліпеньскіх халадоў, падчас незразумелага ўрагану ды раптоўнай засухі. Гэта — зьмена клімату.

Ніколі раней так шмат не казалі пра ахову навакольля, як сёлета. Усім заўважна: тэмпэратурныя зьмены ідуць хутчэй, чым мы думалі. У 1980-ыя «зялёныя» ідэі былі модай, у дзевяностыя яны зрабіліся банальшчынай, а цяпер — інструмэнтам вялікай палітыкі. Бо прыпякло. Доказ гэтаму — справаздача Міжурадавай камісіі па справах зьмены клімату (IPCC), якая аб’ядноўвае больш за сто дзяржаваў. Яе галоўная выснова: калі мы і надалей будзем сядзець, склаўшы рукі, то нас чакае павольны Апакаліпсіс.

У найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, — сьцьвярджаюць навукоўцы — найбольш пацерпяць найбяднейшыя краіны, у асноўным афрыканскія і азіяцкія. Да 2050 г. ад 1 млрд. да 3,2 млрд. людзей будуць пакутваць ад недахопу вады, а 200‑600 млн. — ад голаду. З‑за разбуральных надворных катаклізмаў штогод будуць гінуць некалькі мільёнаў чалавек. Зьнікнуць каралавыя рыфы і лясы Амазонкі. Ледавыя шапкі ў Арктыцы ды Антарктыдзе растануць, узровень акіяну падвысіцца, агромністыя тэрыторыі будуць затопленыя. Зьмены будуць адбывацца настолькі хутка, што экасыстэмы не пасьпеюць да іх адаптавацца, у выніку чаго могуць вымерці 30 адсоткаў гатункаў расьлінаў i жывёлаў. У Эўропе з найбольшымі праблемамі сутыкнуцца міжземнаморскія краіны, якія будуць пакутваць ад гарачыні ды нястачы пітной вады. Гэта прывядзе, акрамя ўсяго іншага, да заняпаду турызму ды пагаршэньня ўзроўню жыцьця на кантынэнце.

Каб спыніць кліматычныя зьмены, індустрыйныя краіны павінны зьменшыць выкіды ў атмасфэру на 80% да 2050 году. Лічба фантастычная. Гэтак, каб дасягнуць такіх паказчыкаў, Нямеччыне, адной з найбольш прасунутых у экалягічным пляне краінаў, патрэбна штогод інвэставаць 4 мільярды эўра ў далейшае разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. Але калі не рабіць нічога, то кліматычная катастрофа будзе каштаваць Нямеччыне ажно 100 мільярдаў эўра штогод.

Што канкрэтна трэба рабіць, каб спыніць пацяпленьне? Выратавальная формула — дэцэнтралізаваная, аднаўляльная ды эфэктыўная энэргетыка. Будаваць сучасныя заводы ды цеплаэлектрастанцыі, аўтамабілі, якія спажываюць мала паліва, ды добра ізаляваныя дамы. А таксама, на ўсякі выпадак, выводзіць харчовыя расьліны, якія здолеюць вытрымліваць падвышаную тэмпэратуру. Японія ўжо пастанавіла стварыць новы, цеплаўстойлівы гатунак рысу.

Азеляненьне палітыкі

Справаздача суправаджалася цэлым шэрагам скандалаў, выкліканых найперш тым, што дэлегацыі з Саўдаўскай Аравіі, Расеі ды Кітаю патрабавалі ад навукоўцаў выкінуць з тэксту пэўныя пункты. ЗША таксама зьдзяйсьнялі немалы ціск. З буйных «псавальнікаў паветра» толькі аб’яднаная Эўропа мае палітычную волю прызнаць праблему. Больш за тое — кліматычныя зьмены непасрэдна ўплываюць на саму эўрапейскую палітыку.

Яскравы прыклад — Дэвід Кэмэран, узыходзячая зорка брытанскай палітычнай сцэны. Ён, бадай, першы палітык‑кансэрватар у Эўропе, які робіць кар’еру, грунтуючыся на «зялёных» ідэях.

Кэмэран — вядучы кандыдат на пасаду прэм’ера ад кансэрватыўнай партыі. «Зьмена клімату — гэта наш цяжар доўгу, які мы зьвінаваціліся наступным пакаленьням», — кажа ён у сваіх выступах. Кэмэран кажа ня толькі пра падаткі, але і пра насарогаў ды белых мядзьведзяў, якія могуць зьнікнуць па віне людзей, якія бяздумна карыстаюцца абмежаванымі рэсурсамі «нашага агульнага дому». Гэта — нечуваныя словы для кансэрватараў, якія традыцыйна абапіраюцца найперш на асабісты інтарэс чалавека, а не на грамадзкую супольнасьць. Раней кансэрватары абаранялі буйны бізнэс. Цяпер ім даводзіцца думаць пра звычайных людзей — бо калі ўмовы іх існаваньня зробяцца невыноснымі, пра які бізнэс можна будзе весьці гаворку?

Калі ўжо кансэрватары ўсур’ёз узяліся за клімат, дык лейбарысты — тым болей. Тоні Блэр, відавочна, канчаткова вырашыў сысьці з пасады прэм’ера «зялёным» палітыкам і ўжо пасьпеў параўнаць барацьбу з наступствамі глябальнага пацяпленьня з змаганьнем з фашызмам і камунізмам. Брытанія зрабілася першай краінай у сьвеце, якая заканадаўча абавязалася зьменшыць свае выкіды вуглекіслага газу ў атмасфэру на 60% да 2050 г. Калі будучыя ўрады краіны не дадуць рады гэтай задачы, іх будуць чакаць штрафныя санкцыі.

У іншых краінах Захаду правыя таксама бяруць на ўзбраеньне традыцыйна «левую» тэму аховы навакольля. Калі Ангела Мэркель у сваёй перадвыбарчай кампаніі 2005 г. абыходзіла «зялёныя» праблемы, дык цяпер яны занялі сталае месца ў яе прамовах. Тое самае можна сказаць і пра Нікаля Сарказі, кандыдата ў прэзыдэнты Францыі. Нават у ЗША ў экалягічна пасыўным асяродку Кансэрватыўнай партыі пачала вымалёўвацца плынь «зялёнагаловых».

«Зелянеючы», кансэрватары пакрысе зьмяняюць сваю палітыку і ў іншых сфэрах — гэтак, яны ўжо ня ставяцца так варожа да падвышэньня падаткаў. Бо трэба ж аднекуль, у рэшце рэшт, браць грошы на экалёгію! Ва ўмовах, калі правыя ды левыя на Захадзе робяцца ўсё больш падобнымі адзін да аднога, менавіта іх адносіны да экалягічных праблемаў могуць адыграць важную ролю ў перамогах на выбарах. Парадаксальна, але ўласна «зялёныя» партыі ў такіх умовах пачынаюць губляць харызму — іх ідэі, якія раней падаваліся арыгінальнымі, цяпер робяцца палітычным «мэйнстрымам». Ніколі раней экалёгія не была такой важнай, як зараз, калі яна зрабілася стрыжнявой праблемай барацьбы за ўладу. Эколягі з экспэртаў‑кансультантаў ператвараюцца ў палітычных лідэраў.

Беларусь і пацяпленьне

У экалягічных праблемах апошняга часу адчуваецца вялізная несправядлівасьць. Вось ужо колькі дзесяцігоддзяў «залаты мільярд» (насельнікі разьвітых індустрыйных краінаў) жыве ў камфорце, пакуль большая частка плянэты жабруе ды недаядае. І камфорт гэты дасягнуты найперш коштам эксплюатацыі агульных зямных рэсурсаў, якімі багатыя краіны карыстаюцца настолькі неэфэктыўна, што здолелі незваротна забрудзіць атмасфэру. Але пакутваць ад гэтага нядбайства будуць зноў‑такі найперш людзі з «трэцяга сьвету». Радуе толькі тое, што «залаты мільярд» разьвіваўся ня толькі індустрыйна, але і духоўна, і зараз здольны, хоць і праз скрыгат зубоў, прызнаць сваю віну ды спрабаваць неяк выправіць сітуацыю.

А што мы, эўрапейская нацыя, якая называе сябе беларусамі? Зьбіраемся ўехаць у экалягічна чысты сьвет зайцамі? Ці будуюцца энэргаашчадныя дамы ў нашых аграгарадках? Колькі ветракоў‑электрагенэратараў мы паставілі на нашых палетках? Дзе наш быядызэль з рапсавага алею? Куды пайшлі рэсурсы ад спэкуляцыяў на таннай нафце ды спажываньня таннага газу?

Нажаль, мы не скарысталіся магчымасьцямі для стварэньня экалягічна эфэктыўнай энэргетыкі. Замест гэтага, краіна недаравальна марнавала рэсурсы на падтрыманьне неэфэктыўнай вытворчасьці ў больш‑менш прытомным стане. Мы забруджваем атмасфэру меней за індустрыйныя краіны не таму, што маем сучасныя заводы, а з прычыны нашай адсталасьці. І нават калі Беларусь, у адпаведнасьці з Кіёцкім пратаколам, пачне прадаваць за мяжу свае квоты на шкодныя эмісіі ў паветра, грошы тыя пойдуць найперш на тое, каб «запусьціць заводы», неэфэктыўныя ды брудныя. Сёньняшнім днём жывем. У сучасным сьвеце гэта — дзікунства, а ў Эўропе і пагатоў.

Экалёгія — праблема, якая датычыцца ўсіх краінаў. І змагацца за выжываньне давядзецца разам. Ужо проста думаць пра гэта — значыцца рабіцца грамадзянінам. Спачатку мы задаем сабе пытаньне: «ці выключаю я сьвятло, якое гарыць без патрэбы?», потым заўважаем, што ў нашым двары так і няма абяцаных уладамі кантэйнэраў па збору плястыкавага сьмецьця, і нарэшце задумваемся: «што робіць дзяржава з падаткамі, якія я ёй аддаю? Ці ідуць гэтыя грошы на тое, каб мае праўнукі маглі жыць у чыстым навакольлі?» Разважаючы такім чынам, мы перакрочваем межы свайго эгаізму, свайго дому, краіны, больш ясна бачым сваё месца ў сьвеце. Вырашыць гэтыя праблемы можна толькі разам. Магчыма, сусьветнае пацяпленьне адбудзецца ня толькі ў атмасфэры, але і ў нашых сэрцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?