Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандар Мілінкевіч 13 красавіка наведае з аднадзённым візытам Санкт‑Пецярбург.

Падчас перамоваў з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Расеі і кантактаў з расейскай прэсай Аляксандар Мілінкевіч прадставіць пазіцыю беларускіх дэмакратаў па адносінах з Расеяй ва ўмовах крызіса рэжыму ў Беларусі і пераходу да дэмакратычнай сыстэмы кіраваньня дзяржавай. Падчас візыту Аляксандар Мілінкевіч мае намер даць ацэнку сучаснаму стану беларуска‑расейскіх адносінаў.

Ён таксама акрэсьліць сваё бачаньне пэрспэктываў гандлёва‑эканамічных дачыненьняў нашых краін, між іншага, супрацоўніцтва па пытаньнях паставак газу і перапрацоўкі нафты, адносінаў да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, удзелу замежных, у тым ліку, і расейскіх інвэстараў у працэсе рэфармаваньня беларускай эканомікі.

У палітычным блёку пытаньняў, якія закране падчас візыту ў Санкт‑Пецярбург лідэр дэмакратычных сіл Беларусі, стаўленьне да саюзу Беларусі і Расеі, супрацоўніцтва ў межах СНД і ЭўрАзЭС, ваенна‑палітычнае супрацоўніцтва на двубаковым узроўні, праблема прысутнасьці расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі, выкарыстаньне сыстэмы СПА дзеля вырашэньня супольных задач. Падчас візыту ў Санкт‑Пецярбург Аляксандар Мілінкевіч адкажа на пытаньні расейскіх СМІ, а таксама возьме ўдзел у прэсавым клюбе інфармацыйнага агенцтва «Росбалт». Аляксандар Мілінкевіч наведае Санкт‑Пецярбург на запрашэньне шэрагу палітычных структураў Расеі і прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?