Вось пішуць, што Сямашка, магчыма, паехаў у Кітай па АЭС. Наўрад ці гэта цалкам карэктнае сьцьверджаньне. Кітайцы сваю ядравую энэргетыку разьвіваюць з замежнай дапамогай, і на вядучых ролях там Расея. Масква і беларускаму кіраўніцтву рукі выкручвае, каб менавіта ў яе замовілі "мірны атам".

Памятаеце, на прэсавай канфэрэнцыі 12 красавіка Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: расейцы нават разрывам стасункаў пагражаюць. Але заходнікі паводзяць сябе яшчэ болей нахабна: бач, ставяць умовай разьняволеньне мэдыяў ды зьмяненьне выбарчага заканадаўства!

Увогуле ж выбар невялікі. Рэальна замову могуць атрымаць або француская "AREVA", або расейскі "Атамбудэкспарт" (ну, тэарэтычна фігуруюць яшчэ японцы ды чэхі). Французы робяць болей надзейныя рэактары, але і грошай бяруць разы ў паўтара болей, чым расейцы.

Зрэшты, літоўцы, якія таксама зьбіраюцца замаўляць энэргаблёкі, нядаўна вуснамі амбасадара Багдонаса прапанавалі нам скаапэравацца, каб атрымаць у французаў зьніжку. Кажуць, можна зьбіць кошт адсоткаў на трыццаць. Але тут ужо ў нашага начальства спрацоўваюць, мусіць, палітычныя засьцярогі. З гэтымі заходнікамі толькі зьвяжыся — кось-кось і ў аглоблі!

Расейскія аглоблі, ва ўсякім разе, болей звыклыя. Глядзеце, як рэклямуе паслугі іхні амбасадар Сурыкаў: маўляў, яшчэ і крэдыт пад будаўніцтва дадзім!

Дарэчы, са слоў нашага экспэрта Леаніда Заікі, расейскаму кіраўніцтву найлепей, каб у Беларусі АЭС увогуле не было. Бо гэты праект так ці іначай аслабляе энэргетычную залежнасьць ад Расеі. Але паколькі Лукашэнка наважыўся сур'ёзна, дык крыўдна будзе яшчэ і аддаць куш французам.

Зрэшты, палітоляг Андрэй Фёдараў не выключае, што ў выпадку рэзкага абвастрэньня стасункаў з Крамлём АЭС могуць замовіць і заходнікам. Тым болей што, на думку маскоўскага аналітыка Суздальцава, Расея возьмецца за праект толькі на ўмовах наступнага жорсткага кантролю над аб'ектам. Маўляў, доступ да рэактара беларускім уладам зь іх палітычнымі паводзінамі Крэмль даваць ня згодзіцца.

Карацей, з гледзішча тутэйшага начальства куды ні кінь — усюды клін. І тыя, і тыя, бач, прапануюць, як савецкія гандляры, тавар з нагрузкай :) Прычым палітычнай.

Леанід Заіка лічыць, што Менск мог бы "зрабіць прыгожа". На практыцы прадэманстраваць шматвэктарнасьць. Хай бы працаваў кансорцыўм: нешта робяць заходнікі, нешта — расейцы.

Але прыгожа можа не атрымацца. Калі Масква паставіць пытаньне рубам, дык у Менску, бадай, здадуцца. Расейскі "мірны атам", мусіць, падаецца ўсё ж болей бясьпечным палітычна. Тыя хлопцы, ва ўсякім разе, ня будуць патрабаваць свабоды мэдыяў ды іншай лібэральнай лухты. Самі яе трываць ня могуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?