«Манашка» падавала надзеі на пачатку сваёй кар’еры, пры канцы 90‑х. Тады думалася, што праз год‑другі яны ўвойдуць у лік лідэраў беларускага року.

Пры такой сцэнічнай і жыцьцёвай харызьме, выдатным адчуваньні музыкі і рок‑паэзіі гэта было цалкам магчыма. Неадэкватнасьць лідэра гурту Федзі толькі дапамагла б. Але «Голая манашка» мае дагэтуль нерэалізаваны патэнцыял, некаторыя праблемы з законам ды вузка лякальную папулярнасьць. І яшчэ вось гэты дыск зь ніякім дызайнам, але афіцыйна выдадзены. ГМ — гурт, у творчасьці якога няма прахадных песень.

Запісаныя яны не найлепшым чынам, але ад таго вастрэй адчуваецца дух таго самага сумленнага року: калі песьня ірвецца з душы параненай птушкай. І тут няважна: мацюкамі выказаныя эмоцыі ці словамі Новіка‑Пеюна, з дапамогай некалькіх музыкаў ці проста на акустычнай гітары. Калі нешта і вылучаць з альбому — дык гэта найперш «Радыёактыўны фон» (пра Чарнобыль з душою) і «Наркатычны транс» са словамі «50 год беларускаму радыё, якое 50 год нікому не патрэбнае».

На дыску ёсьць яшчэ смачны дадатак — дэма‑альбом ляўрэатаў апошняга «Басовішча» і «Рок‑Кола» гурту S.D.M. Для цікаўных — прыдасца. Такія песьні, як «Чужы» і «Ніколі», даюць спадзеў, што S.D.M. здольныя дарасьці (а мо і перарасьці) да сваіх куміраў з N.R.M. Галоўнае, каб ня здарылася таго самага, што з «Голай манашкай».

Дыск для тых, хто бяз боязі гатовы пагрузіцца ў поўны андэрграўнд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?