У Гродне вядуцца адразу дзве крымінальныя справы супраць маладых людзей, якіх абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару.

Прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч адзначыў, што гэта два розныя злачынствы, здзейсненыя ў розны час, але ў адным раёне абласнога цэнтра — Кастрычніцкім.

У першым выпадку абвінавачваецца жыхар горада 1986 года нараджэння. Яму выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 167 КК — гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах да малалетніх (дзеці да 14 гадоў). Па гэтай справе два пацярпелыя. Малады чалавек раней быў судзімы за такое ж злачынства ў Беларусі.

У другім выпадку затрыманы — таксама жыхар Гродна, 1983 года нараджэння. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 167 — тыя ж дзеянні, але ў адносінах да непаўналетніх (падлеткі з 14 да 18 гадоў). Па гэтай справе праходзіць адзін пацярпелы. Малады чалавек, па словах Сяргея Шаршаневіча, магчыма, таксама быў судзімы за падобнае злачынства на тэрыторыі Расіі. Цяпер такая інфармацыя правяраецца.

Абвінавачаным прызначаны судова-псіхіятрычныя экспертызы. Яны знаходзяцца пад вартай.

Сяргей Шаршаневіч заўважыў, што, як правіла, у такіх выпадках злачынцы не цягнуць сілай дзяцей да сябе дадому. Яны спачатку выклікаюць прыхільнасць да сябе і запрашаюць прайсціся з імі. Таму бацькам трэба больш увагі звяртаць на меры бяспекі і праводзіць выхаваўчыя размовы з дзецьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?