Пра гэта заявіў прадстаўнік дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Мінску Рудольф Рышар 25 кастрычніка на канферэнцыі «Гарманізацыя заканадаўства аб бяспецы харчовых прадуктаў і інфраструктуры якасці ў Беларусі з Еўрапейскім саюзам» у Мінску.
Паводле яго слоў, канкурэнтаздольнасць і адпаведнасць беларускіх прадуктаў міжнародным нормам плануецца забяспечыць у рамках праекта ЕС «Падтрымка інфраструктуры якасці ў Беларусі — бяспека харчовых прадуктаў», які рэалізуецца з канца 2011 года па 24 жніўня 2014 года. Праект фінансуецца Еўрасаюзам, яго бюджэт — 5 млн. 316 тыс. еўра.
Як паведаміў кіраўнік экспертнай каманды праекта Петрас Мачульскіс, у рамках праекта запланавана ўдасканаленне сеткі беларускіх рэферэнтных лабараторый, адказных за арганізацыю бяспекі мінеральнай вады, рыбных, мясных і малочных прадуктаў для грамадскага здароўя. Беларускае нацыянальнае заканадаўства па акрэдытацыі плануецца прывесці ў адпаведнасці з патрабаваннямі ЕС. Таксама плануецца забяспечыць адпаведнасць беларускіх законаў патрабаванням ЕС у галіне нагляду за рынкам. Акрамя таго, плануецца распрацаваць нацыянальную інфармацыйную сістэму па хуткім абмене інфармацыяй аб небяспечнай харчовай прадукцыі.
Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры падкрэсліў важнасць гарантавання бяспекі беларускіх харчовых прадуктаў для спажыўца. Ён нагадаў пра нядаўнія канфлікты Беларусі з Расіяй, якія былі выкліканыя праблемай якасці прадуктаў, у прыватнасці малака.
Як лічыць Рэнеры, беларуская сельскагаспадарчая вытворчасць, асабліва малочных і мясных прадуктаў, мае вялікі патэнцыял, у тым ліку і на рынку ЕС.





