Арганізатары скандальнага «плюшавага дэсанта», шведская Studio Total пахваліліся новым поспехам. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» яны выклалі інфаграфічную справаздачу аб нядаўняй паспяховай кампаніі па прыцягненні ўвагі да праблемы зніжэння нараджальнасці ў Аўстрыі.

Агенцтва запусціла чуткі аб адкрыцці недалёка ад Вены Міжнароднай школы сэксу.
Трэба сказаць, сайт выглядае цалкам рэалістычна: мае раздзелы, утрымлівае прывітальнае слова «дырэктара школы», фотаздымкі будынка, праграму навучання і адрас для зваротнай сувязі.

У «Фэйсбуку» прадстаўнікі Studio Total так тлумачаць, чаму дурылі СМІ і грамадскасць.

Моладзевая галіна Аўстрыйскага эканамічнага саюза хацела дамагчыся абмеркавання праблемы зніжэння нараджальнасці ў краіне і неабходнасці рэформы пенсійнай сістэмы, выкліканай старэннем насельніцтва. Аднак ў іх былі толькі старамодныя рашэнні, накшталт дэбатаў.
Большасць людзей прапаноўвала стымуляваць нараджальнасць матэрыяльна.
І Studio Total, з уласцівым ёй нестандартным падыходам, прапанавала альтэрнатыву: рабіць больш дзяцей!

«Вядома, для гэтага трэба больш займацца сэксам, але аўстрыйцы не вельмі добрыя ў сэксе», — адзначае Studio Total. Каб вырашыць гэтую праблему, крэатыўнікі прыдумалі «Школу сэксу».

Яны пасеялі навіны аб яе адкрыцці ў блогах, прысвечаных тэме сэксуальнасці, каб сабраць фолавераў і надаць гісторыі праўдападобнасць, а затым правялі прэс-канферэнцыю са шведскім сэксолагам Ільвай-Марыяй Томпсан (якая на сайце школы выступае ў ролі яе дырэктара).
На прэс-канферэнцыю прыйшлі журналісты большасці буйных аўстрыйскіх СМІ, а затым да распаўсюджвання гэтай інфармацыі былі прыцягнутыя Рэйтэр і Франс Прэс.

Рэкламны ролік «Міжнароднай школы сэксу»:

Гісторыя займела глабальную агалоску, сабрала больш за 1300 пастоў у блогах, больш за 3000 артыкулаў у газетах, 50 000 твітаў, 10 000 лайкаў на «Фэйсбуку».

Больш за 2000 чалавек падалі заяўкі на навучанне.
А пасля таго, як качка была раскрытая, кампанію абмяркоўвалі ўсе палітычныя партыі Аўстрыі. Увогуле, мэта pr-акцыі была дасягнута.

У сваім рэпартажы пра Беларусь, паказаным аўстралійскім тэлеканалам SBS, журналіст Амос Робертс называе Studio Total правакатарамі і скандалістамі, адзначаючы пры гэтым, што Пэр Кромвел, аднак, ведае, што правакацыі ў Беларусі могуць мець сур’ёзныя наступствы. Кромвел жа упэўнены, што «будучыня належыць таму, хто распавядае лепшыя гісторыі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?